Общество > Нам пишут

2187

Пішуць жыхары Рэчыцкага раёна. Прастольнае свята вёскі Жмураўкі

 +

Кожная вёска мае сваё прастольнае свята. У вёсцы Броннае святкуецца летні Мікола, у Казазаеўцы ў жніўні – Прачыстая, а ў маёй Жмураўцы – Пакрова (ад слова покрыва).

Крыху гісторыі. Гэта галоўнае свята восені, пачатак якога ідзе з Х стагоддзя. Божая Маці, ідучы ў паветры ў акружэнні ангелаў і святых, расхінула над тымі, хто маліўся, шырокае белае покрыва. Гэта з'ява падаравала надзею ўсім людзям, воінам на адступленне ворага ад гораду Канстанцінопалю. Так і здарылася. Вось пра яе народныя звычаі павяду зараз гаворку.

Сярэдзіна кастрычніка. Халодны восеньскі ранак. Дрэвы пакрысе страчваюць сваю лістоту. Па вёсцы дзе-нідзе пабрэхваюць сабакі. Прачынаецца мая вёска. Заўважыла: з аднаго коміна хаты віецца густым шэрым струменьчыкам дым. Гаспадыня ўжо запаліла ў печы. Неяк асабліва пахне дым, не так як у другія дні. Давайце завітаем да яе і паназіраем, чым займаецца вясковая жанчына?

Старая Ганна падышла да ўнучак, якія яшчэ ляжалі ў ложку:

– Даражэнькія, пара ўставаць ды народную мудрасць спасцігаць.

– Ай, бабулька, мы яшчэ не прачнуліся! – загаманілі дзяўчаткі. – Забыліся, што ў нашай вёсцы прастольнае свята – Пакрова. Трэба святочны стол гатаваць, а вы мне будзеце дапамагаць.

Малыя гарэзы хуценька ўскочылі з ложка, апрануліся і падышлі да стала:

– Што трэба рабіць?

І паляцелі пытанні за пытаннямі пра свята Пакрову. Жанчына дала заданне Галінцы: бліны мяшаць, бо ў гэты дзень абавязкова пякуцца бліны дзеля дабрабыту сям'і. Яны сімвалізуюць сонца. Перад тым як сесці за стол, гаспадыня абыходзіць усе вуглы хаты з талеркай, а потым чытае малітву Прасвятой Багародзіцы. І толькі потым спрабуе блін. Існуе абрад «запякання вуглоў». Ён праводзіцца дзеля дамавога, які, як лічыцца, у дзень Пакровы засынае. Гаспадыня спячэ першы блін, дзеліць яго на чатыры часткі і раскладвае на чатыры вуглы кухні –
гэта пачастунак дамавіку. Калі яму сытна, то ў хаце цёпла, спакойна і ўтульна.

– Ой, як цікава! – усклікнула Арынка. – А мне зараз што рабіць?

– А ты, мая галубка, будзеш мясіць спецыяльны каравай пад маім наглядам. Спячэм яго і пачастуем родзічаў, суседзяў. Гэта прыносіць багацце, людзі кажуць, – прамовіла Ганна.

– А якімі дрывамі паляць у печы? – спытала Галінка.

– Гаспадыні выкарыстоўваюць галіны з пладовых дрэў, каб быў ураджай і сям'я квітнела, – адказала старая.

Весела і спорна ішла падрыхтоўка да свята. А бабуля Ганна любавалася сваімі ўнучкамі ды падхвальвала: «Добрыя гаспадыні вырастуць з вас». Яна расказала і пра прыкметы. Напрыклад: якое надвор'е на Пакрову – такая ўся зіма будзе. Нельга сварыцца з людзьмі, ужываць алкагольныя напоі, працаваць, пазычаць у гэты дзень грошы.

Затым жанчына вывела дзяўчынак на парог хаты і абліла цёплай вадой праз сіта, кажучы пры гэтым: «Цячэ-цячэ вадзіца скрозь сіта – усе хваробы з вас будуць змыты». Такі рытуальны абярэг правяла з унучкамі. А яны бы тыя гаманлівыя верабейкі расшумеліся. Вось бабулечка ўдружыла ім, святочным дожджыкам паліла. Да, у гэтай сям'і народныя звычаі не забудуцца, не звядуцца!

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity