Общество > Нам пишут

990

Пішуць жыхары Рэчыцкага раёна. Новыя кнігі для падлеткаў

 +

Зімой свабоднага часу шмат. Можна прысвяціць сябе любімым заняткам: гурткам, экскурсіям, сустрэчам з сябрамі і г. д. А я хачу параіць падлеткам не абмінаць са свайго кола ўвагі бібліятэку.

Нядаўна пацікавілася новай дзіцячай літаратурай, што паступіла на бібліятэчныя паліцы. Шмат новых твораў напісана для дзяцей. Можна рабіць доўгі пералік, але я спынюся на некалькіх кнігах, якія мяне ўразілі.

Кніга Алеся Камароўскага «Пенальці». У ёй аўтар уздымае спартыўную тэму, распавядае пра футбол. Чытач знаёміцца з лёсам футбольнай каманды, яе гульцамі. Перад намі раскрываюцца розныя грані чалавечага характару: сумленнасць, адданасць любімай справе, роднаму калектыву. Галоўны герой Вадзім Ясінскі імкнецца павышаць сваё майстэрства. І дасягае. Забівае пенальці, уклаўшы ва ўдар усю моц і напружанне штодзённых трэніровак. Я ніколі не лічыла сябе фанаткай футбола. А тут мяне зачапіла. Я стала з нецярпеннем чытаць аповесць «Заварожаны мяч» і суперажываць разам з балельшчыкамі на старонках аповесці. Некалькі слоў пра аўтара. З дзяцінства ён захапляўся футболам, пазней удзельнічаў у гульнях у складзе футбольных каманд рознага ўзроўню. Першы са спартыўных каментатараў стаў весці рэпартажы па тэлебачанні і радыё на беларускай мове, калі ў 1982 г. дынамаўцы Мінска сталі чэмпіёнамі СССР па футболу.

Кніга Івана Стадольніка «Агонь крывёю не заліць» з серыі «Дзеці вайны» прыцягвае ўвагу перш за ўсё тым, што ў кароткіх аўтабіяграфічных апавяданнях паказана пасляваеннае жыццё розных пакаленняў: удзельнікаў вайны, дзяцей і ўнукаў. Аўтар нагадвае чытачу, што пры любых жыццёвых абставінах трэба заставацца чалавекам, міласэрным, мудрым і цярплівым, гаворыць «не» бессардэчнасці і цынізму.

Вельмі цікавы твор Валерыя Гапеева «Мая мілая ведзьма» з серыі «Пазакласнае чытанне». Гэта школьны раман, дзе раскрываюцца сапраўдныя сяброўства і здрада. Да галоўнага героя Кірылы Вяргейчыка прыходзіць усведамленне шчырага кахання да новенькай аднакласніцы Ядвісі Лелькі. Аўтар раскрывае ўзаемаадносіны вучняў і настаўнікаў у школьным калектыве, бацькоў і дзяцей.

Чытайце кнігі. Яны навучаць усяму добраму. І стаўце для сябе пытанні: чаго я чакаю ад яшчэ не прачытаных твораў? Хто з пісьменнікаў свету асабліва дарагі, а хто чужы? І іншыя. Такім чынам прыходзіць самаўдасканаленне і развіццё асобы.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity