Общество > Нам пишут

3075

Пішуць жыхары Рэчыцкага раёна. Мілы сэрцу куток

 +

У кожнага з нас ёсць дарагі сэрцу куток, дзе праводзіш большую частку свайго часу. Правільна, вы ўгадалі! Гэта родная хата, вуліца. Вось і я хачу расказаць пра сваю вуліцу, узгадаць яе жыхароў.

Вулiца 9 Мая
Вулiца 9 Мая

9 Мая – так названа яна ў 1975 годзе ў гонар 30-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Ёй хутка споўніцца 45 гадоў. Даволі-такі сталы ўзрост. А пачынаецца яна ад вуліцы Савецкай і выходзіць на высокі бераг з выглядам на Днепр. Пасярэдзіне перасякаецца вуліцай Кальцавой. У сонечны дзень уся вуліца купаецца ў ласкавых промнях. Яна шырокая, па абодва бакі стаяць цагляныя дамы. Іх гаспадары імкнуцца зрабіць сваё падвор’е прыгажэйшым. Устанаўліваюць новыя парканы, фарбуюць палісады. Жанчыны садзяць кветкі.

Калі зазірнуць у двор Святланы Мікалаеўны Сашэнка, то можна ўбачыць вазоны для кветак, зробленыя яе працавітымі рукамі, агароджу, сплеценую з лазы, шмат розных кветак, якія спецыяльна з зімы вырошчвае на расаду. Зараз разам з дачкой стварыла ў зялёнай зоне адпачынку в’етнамскі куток, натхненне на тое атрымала падчас турыстычнай паездкі ў гэтую краіну.

Куток Вьетнама ў дварэ сямьi Сашэнка
Куток Вьетнама ў дварэ сямьi Сашэнка

Каля многіх хат растуць розныя дрэвы. Адзін з гаспадароў каля свайго двара акуратна падстрыг куст, і яго аблюбавалі гаманлівыя вераб’і. Стварылі свой птушкаград. Другі змайстраваў кармушку для птушак. А бусліная сям’я пасялілася на коміне адной з хат, нагадваючы пра шчасце кожнаму з нас.

Жыхары любяць сваю вуліцу. Некалькі разоў праводзілі суботнікі па навядзенні чысціні і парадку. Раней жылі без вадаправода і газа, а ў 2008 годзе правялі іх. Тады людзі з дапамогай арганізатараў Ірыны Бабчанок і Святланы Сашэнка стварылі
кааператыў па газіфікацыі вуліцы.

У вырашэнні тых ці іншых праблем жыхарам аказвае дапамогу старшыня Жмураўскага сельскага Савета Мікалай Найдзен. Штогод вуліца грэйдзіруецца.

Самыя старэйшыя яе жыхаркі – Ніна Караленка (1935 г. н.) і Тамара Лёгенькая (1937 г. н.). Ім абедзьвюм ужо за восемдзесят гадоў, яны – дзеці вайны – адчулі на сабе голад і нястачу. У Ніны Трахімаўны бацька Трахім Андрэевіч пайшоў на фронт у 1941 годзе, загінуў пад Оршай. Дзед забраў сям’ю да сябе. Жылі ў зямлянцы, выкапанай на агародзе. Пазней Ніна з мужам збудавалі цагляную хату на вуліцы Савецкай. Сям’я пабольшала. Пабудавалі яшчэ адну хату-святліцу на маёй вуліцы для сябе, пакінуўшы ранейшае жыллё дзецям. А Тамара Мікалаеўна памятае, як уцякалі немцы пры вызваленні Рэчыцы, пакідаючы сваю тэхніку. Вельмі баяліся савецкіх «кацюш». У мірны час працавала дыспетчарам пагрузработ на прыстані ў Рэчыцы. Выгадавала дваіх дзяцей, якія ёй зараз дапамагаюць. Каля яе падворка на лавачцы збіраюцца маладзейшыя суседкі, абменьваюцца сваім жыццёвым вопытам, расказваюць бабулі Тамары вясковыя навіны. У яе гародчыку ўлетку заўсёды ззяюць яркія кветкі.

Пачатак вулицы. Тут живе страрэйшая жыхарка Тамара Мiкалаеуна Лёгенькая
Пачатак вулицы. Тут живе страрэйшая жыхарка Тамара Мiкалаеуна Лёгенькая

На гэтай вуліцы пражывае і маці-гераіня Галіна Лёгенькая, якая разам з мужам выхавала сваіх пяцярых дзяцей і была апекуном дзяцей брата. Тут жывуць людзі розных прафесій: дзевяць настаўнікаў, бібліятэкар, інжынеры, рабочыя. За 45 гадоў дзеці выраслі, разляцеліся ў розныя месцы. Ужо менш стала бачна іх на вуліцы. Толькі ў летні час з’язджаюцца ўнукі, і звініць, смяецца вуліца дзіцячымі галасамі.

Вельмі прыемна знаходзіць штосьці новае, незвычайнае ў жыцці сваіх аднавяскоўцаў. У розны час тры жыхары сваёй сумленнай працай заслужылі ганаровае званне «Чалавек года». Гэта Мікалай Бабчанок, Васіль Сашэнка – у нафтавай прамысловасці і Аляксандр Трошка – у галіне культуры. Ганарымся імі!

Гняздо с буслами на хаце сямьi Шэндрык
Гняздо с буслами на хаце сямьi Шэндрык

Многія гаспадары раніцай водзяць на шпацыр сваіх чацвераногіх сяброў на луг. А некаторыя жанчыны робяць пешаходныя прагулкі да ракі, выконваючы парады дактароў і дбаючы пра здаровы лад жыцця.

Пачула ад тваіх жыхароў, мая вуліца, іх мару: зрабіць дрэва жаданняў, высадзіць кветкі. Так сказаць, акультурыць цябе, каб было месца для адпачынку. Калі атрымаецца, то вялікая пашана тваім жыхарам.

Красуйся, мая любімая вуліца, усміхайся сонечным святлом сваім жыхарам, якія імкнуцца зрабіць цябе яшчэ прыгажэйшай. Са святам, з днём нараджэння, мой мілы куток!

Ніна ТРОШКА, в. Жмураўка

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity