Пішуць жыхары Рэчыцкага раёна. Новая жыхарка
Источник: Dneprovec.by Фото: з інтэрнэту, носіць ілюстрацыйны характар
Жыццё ў вёсцы цікавае і разнастайнае. Розныя гісторыі здараюцца. Вось адна з іх.
На гаспадарчым двары бабулі Ганны раніцай пачаўся сапраўдны вэрхал. Прыгажун певень голасна кукарэкаў, чубаткі ў лад яму сакаталі, хлопалі крыламі. У іх селішчы з’явілася новая жыхарка, прыгажуня, у шэрай шарсцяной сукенцы, у карычневых чаравічках на доўгіх нагах, падпрыгвала, аглядала сваё новае жытло. Ёй усё было цікава. Кот запрыгнуў на паркан і з вышыні назіраў за новай жыхаркай. Раптам яна стала заводзіць сваю размову. Голас быў тонкі, з нейкімі перарывамі. Гэта была маладая козачка, якую прывезлі гаспадыні сваякі з суседняй вёскі. Цяпер баба Ганна будзе даглядаць сваю карміліцу.
Унучак Міколка прыбег на двор, убачыў госцю і ўзрадаваўся:
– Бабуля, я буду яе гаспадаром!
Пагладзіў яе па спіне, загаварыў ласкава. Козачка
даверліва прыхілілася да хлопчыка. Неўзабаве на двары пачуўся стук малатка – Міколка рабіў кармушку. – Ах, ты, мой памочнік! – з любасцю прамовіла жанчына.
– Як жа мы назавём яе? – спытаў унук.
Сталі абмяркоўваць, якое імя даць козачцы. І ўрэшце сышліся ў адным рашэнні: назваць Люськай. А яна ў гэты час стала падскокваць на паркан, дзе звісала зялёнае лісце. Міколка хуценька нарваў свежай травы і насыпаў у кармушку. Люська была задаволена сваімі новымі гаспадарамі. Яе выводзілі на луг. Там яна сілкавалася, гарэзліва весялілася на свабодзе. Хутка певень і яго сямейства пасябравалі з Люськай. На двары ўсталяваўся спакой. А Міколка вучыўся гаспадарыць. Напэўна, з яго вырасце добры і працавіты чалавек.