Общество > Нам пишут

489

Пішуць жыхары Рэчыцкага раёна. Летняя раніца

 +

Кажуць, прырода і чалавек – неад’емныя часткі адзін аднаго. Прырода жыватворна ўплывае на здароўе, псіхічны стан чалавека, поіць і корміць, а мы павінны аберагаць яе. Часам чалавек з-за штодзённай працы не заўважае яе прыгажосці, а яна так патрэбна для яго!

Вы стаміліся пасля працоўнага дня? Запрашаю на адпачынак у маю летнюю раніцу. Выйшлі на ганак, пацягнуліся, новаму дню ўсміхнуліся. Уявіце сабе – летняя раніца. На ўсходзе сонца грае сваімі залатымі праменнямі. Лёгкія белыя аблачынкі афарбаваліся ў малінавы колер і сярод блакітнага неба свецяцца ў розных абрысах. Ветрык-гарэза падганяе іх у сваім напрамку. Можна памарыць, гледзячы на іх вандроўку. Хораша на сэрцы.

Свежае паветра насычана ап’яняючым пахам язміну. Радуюць вочы квітнеючыя ірысы, дзе-нідзе запаліліся чырвоныя агеньчыкі ружы. А ў садзе сапраўднай паненкай красуецца каліна. Уся ў белай квецені, бы ў вясельным уборы. Над духмяным суквеццем шчыруюць пчолы-працаўніцы, гудуць чмялі. Сапраўднае вясковае вяселле. Птушкі звонкай песняй вітаюць нараджэнне новага дня. А руплівыя вяскоўцы ўжо апрацоўваюць агароды – днём спёка не дае. Лёгкія павевы ветрыку калышуць верхавіны дрэў. Мілагучныя трэлі высвіствае салоўка. Такой цудоўнай мелодыі не пачуеш ні ў адной канцэртнай зале. Аматары-рыбакі сабраліся каля ракі, бы на парад. Чайкі-крыкухі прарэзліва крычаць, лётаючы па-над вадой. Таксама выйшлі на сваё паляванне.

Вось тата з сынам уважліва сочаць за паплаўком. Нарэшце нырае ён у ваду. Тата крычыць хлапчуку: «Хутчэй падсякай, не праваронь!» Трапілася вялізная рыбіна. Цягнуць удвух рыбакі сваю здабычу. Здаецца, вось-вось сарвецца з кручка. Трапечацца рыбіна, ззяе срабрыстай луской на сонцы. Нарэшце выцягнулі свой улоў. Ад задавальнення маленькі рыбачок дзякаваў свайму тату за дапамогу: «Цяпер не сорамна ісці дахаты. І самі пакаштуем смажанай рыбкі, і ката Мурзіка пачастуем».

Яркая сонечная летняя раніца разам з гарэзнікам-ветрыкам звініць, абдымае і натхняе да жыцця і новых здзяйсненняў. Прыгожа ў наваколлі – хораша на душы.

Ніна ТРОШКА, в. Жмураўка

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity