Общество > Нам пишут

1643

Пішуць жыхары Рэчыцкага раёна. Адказнасць дарослых

 +

Дзеці… Вось гэта самае дарагое слова ў жыцці чалавека, у маім жыцці. Яны – наша будучыня, наша старасць. Але вельмі часта чую: «Цяпер пакаленне зусім іншае». Што гэта значыць? Пакаленне ўзрошчваецца, выхоўваецца сваімі бацькамі. Кажуць у народзе: «Якія бацькі, такія і дзеці». Значыць, усё залежыць ад дарослых.

Вось нядаўна назірала за маладым татам. Ён выйшаў на прагулку з малым сынком. Па дарозе сустрэў знаёмага, і мужчыны пачалі размаўляць між сабой. Цераз слова брыдкасловяць, а хлопчык усё гэта чуе і запамінае. Назаўтра сядзяць дзеці ў пясочніцы і вядуць размову пра сваіх бацькоў. Гэты хлопчык і кажа: «Мой тата ведае замежную мову, і я таксама вучуся». Дзеці прысталі з пытаннем: «Якія словы ты ўжо вывучыў?» Тут хлапчанё і выдаў услых усё, што запомніў. Маці зніякавела ад пачутага і пачала яму тлумачыць, што так нельга гаварыць. Гэта брыдкаслоўе, якое чалавека паказвае з дрэннага боку.

Звернемся да навуковай крыніцы. У слоўніку жывой вялікай рускай мовы У. Даля сказана: «Скверна – мерзость, гадость, пакость, всё гнусное, противное, отвратительное» і г. д. А екацярынбургскі вучоны Г. Чаурын сцвярджае, што брыдкія словы вельмі актыўна ўплываюць на арганізм чалавека, з часам губячы ўсё жывое. Тым больш што чалавек на 80% складаецца з вады. Правялі такі дослед. Зерне палілі вадой, якую лаялі брыдкімі словамі. Яно прарасло на 49%. Затым вучоныя палілі зярняты вадой, над якой чыталі малітвы, гаварылі добрыя словы. І яны прараслі на 96%. Такім чынам, доследы пацвердзілі народную мудрасць, вядомую ўсім дачнікам: не брыдкасловіць пры пасадцы, інакш ураджаю не будзе.

Вось так і з маленькім чалавечкам. Змалку трэба вучыць усяму добраму, і вырасце выхаваны малады чалавек. А дзяўчынка пахвалілася здольнасцямі сваёй маці, якая ўмее пускаць дым кольцамі праз нос, але дачцэ не дала паўтарыць тое самае. Сказала, што гэта шкодна для здароўя.

Як бачым, дзеці цікаўныя, капіруюць сваіх мам і татаў. Таму, паважаныя бацькі, дарослыя, сачыце за сваёй мовай, паводзінамі, любіце сваіх дзяцей, вучыце іх усяму добраму. І нашы дзеткі будуць лепшымі, бо яны – наша будучыня. Тады не будзе нараканняў на іншае пакаленне.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity