Общество > Нам пишут

859

Пішуць жыхары Рэчыцкага раёна. Самы дарагі чалавек

 +

Жанчына падышла да роднай хаты. Тут прайшлі яе маленства і юнацтва. Бацькоў ужо колькі год няма. А хата стаіць. З новым гаспадаром памаладзела яна, змяніла сваё аблічча, прыгажэйшай стала. Успаміны нахлынулі хваляй.

Маці заўсёды знаходзіла сабе працу па гаспадарцы. Раніцай даглядала карову Зорку, а яны, дзеці, снілі свае апошнія сны. Матуля шкадавала рана падымаць іх. К вечару яны нарыхтоўвалі свежай травы сваёй карміліцы. На стале стаяў пачастунак ад яе – гладыш свежага малака, булка і варэнне. Гэта была раскоша!

Аднойчы ўлетку маці памыла галаву. Русыя валасы, а яны ў яе былі ніжэй пояса, распусціла, каб сонейка высушыла. Ветрык-гулёна пакалыхвае косы, сонейка сваімі праменьчыкамі прасушвае іх. Яны, дзеці, выскачылі з хаты на двор і ўголас закрычалі: «Матуля, ты сонейка, наша сонейка! Уся свецішся залатымі промнямі!» Маці ласкава прытуліла да сябе сваіх дзяўчатак і прамовіла: «Вы мае сонейкі, я вас вельмі люблю!»

Жанчына падышла да лавачкі. Яшчэ адзін успамін узгадаўся. Сядзіць маці старэнькая на лавачцы, адпачывае і чакае сваіх дзяцей і ўнукаў, якія павінны прыехаць. Вось яны выходзяць з машыны і ідуць з кветкамі, падарункамі. Яе твар асвяціўся радасцю. Дачакалася!

Вецер даўно змёў яе сляды, а памяць утрымлівае аблічча, светлую ўсмешку. Слёзы з’явіліся на вачах дачкі. Яна адчувала яе побач, хоць і не бачыла яе. Зірнула ў бездань нябёсаў. Адтуль матуля свеціць зоркай, абдымае сваёй цеплынёй, супакойвае ў цяжкія хвіліны сваіх дзяцей. Лісты календара жыццё зрывае. І толькі ў снах адбываецца сустрэча. Можна паразмаўляць, падзяліцца сваімі поспехамі з ёй. І яна радуецца, смяецца.

Так хораша, спакойна стала на сэрцы жанчыны. Яна зноў сустрэлася са сваім дарагім чалавекам.

Ніна Трошка, в. Жмураўка

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity