Общество > Нам пишут

1432

Пішуць жыхары Рэчыцкага раёна. Радасць жыцця

 +

Стаміўшыся пасля доўгай дарогі, Васіль выйшаў з машыны і сеў пад раскідзістай бярозай у лесе. Вакол ціха перашэптваліся галіны дрэў. Сонечныя праменьчыкі пранізвалі паляну. У душы панаваў поўны пакой.

 

Раптам недзе блізка хруснула галінка. Ён прыгледзеўся – прама на яго бег калючы вожык, увесь абтыканы лісцем, на шэрай спінцы трымаўся грыб. Злёгку варушачы ноздрамі, паціху фыркаў і пачаў накідваць на сябе сліну, каб адпугнуць незнаёмца. Відаць, пачуў незнаёмы пах. Чалавек устаў і крыху адышоў. Лясны жыхар пасунуўся да свайго жылля – трэба рабіць прыпасы.

Крыху далей на палянцы разлілося ліловае азярцо лясных званочкаў. Іх галоўкі ледзь-ледзь калыхаліся ад ветру. Здавалася, гучыць мелодыя. Зямля спявае – лета прыйшло!

Васілю ўспомнілася маці, якая вельмі любіла гэтыя лясныя кветкі. Бывала, Васілёк з меншым братам пабягуць у лес, назбіраюць кветак і нясуць іх матулі. Увечары па пакоі разносіўся духмяны водар, які весяліў яе душу. Тады радасная ўсмешка доўга не сыходзіла з яе твару. Сынкі любяць яе!

Васіль зрабіў для сябе нечаканае адкрыццё: толькі з адкрытым сэрцам, любячым сваю прыроду, можна ў звычайным падгледзець незвычайнае. У гэтым і ёсць радасць жыцця.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity