Общество > Нам пишут

743

Пішуць жыхары Рэчыцкага раёна. Баявы шлях земляка

 +

Напярэдадні вызвалення горада Рэчыцы і раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў хачу ўпісаць яшчэ адно прозвішча майго аднавяскоўца ў кнігу Памяці сваёй вёскі. Гэта Аляксандр Канстанцінавіч Лёгенькі.

 
Аляксандр Лёгенькі
Аляксандр Лёгенькі

Не ўсе жыхары ведаюць, што па вуліцы Савецкай у в. Жмураўка жыў удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, 1915 года нараджэння. Няма яго, але ваенныя ўспаміны засталіся. Я з хваляваннем чытаю аповед ветэрана, і перада мной паўстае смелы чалавек, які ўнёс свой уклад у Вялікую Перамогу.

Родам з беднай шматдзетнай сялянскай сям’і. Дзяцінства было цяжкім. Прыходзілася шмат працаваць, каб пракарміцца. На вайну быў прызваны ў 1941 годзе. Змагацца з ворагам пайшлі пяцёра братоў. Пад Чарнігавам Аляксандр атрымаў першае баявое хрышчэнне. Полк пасля цяжкіх баёў і шматлікіх страт быў расфарміраваны ў верасні. Прый-шлося рознымі шляхамі дабірацца да сваіх. Змагаліся з ворагам і ў акупацыі.

Калі прыйшло вызваленне на рэчыцкую зямлю, Аляксандра прызвалі ў рады Чырвонай Арміі. Ваяваў у складзе 1-га Данскога танкавага корпуса 15-й танкавай дывізіі, якой камандаваў генерал-лейтэнант Паноў. На фронце праслужыў радавым шафёрам. Падвозіў снарады, вывозіў раненых з поля бою па шпіталям. Вельмі часта трапляў пад бамбёжкі нямецкіх сцярвятнікаў. Прыходзілася прымяняць ваенную хітрасць, каб захаваць жыцці параненых байцоў.

Немцаў гналі на захад. Былі вызвалены гарады Бабруйск, Брэст. За вызваленне Бабруйска быў узнагароджаны медалём «За баявыя заслугі». Потым была Польшча. А. К. Лёгенькі ўдзельнічаў у баях за вызваленне гарадоў Вышкаў, Бромберг, Торны. Пры пераправе праз раку Нарэў у 1944 годзе загінула шмат землякоў. Ад савецкага камандавання Аляксандр Лёгенькі атрымаў падзяку за вызваленне польскіх гарадоў. З баямі прайшоў і Германію. Вызваляў гарады Франкфурт-на-Одэры, Ростак. З асаблівым пачуццём ветэран успамінаў пра сустрэчу з маршалам Ракасоўскім, камандуючым 2-м Беларускім фронтам у 1944 годзе, які ўручыў яму падзяку.

З вайны не вярнуўся брат Мікалай, ваенны лётчык, які загінуў у жніўні 1941 года. У цяжкія хвіліны Аляксандр у думках быў побач са сваёй сям’ёй, сваёй вёскай. І знаходзіліся сілы, каб змагацца з ворагам.

З цеплынёй узгадваў ён сваю жонку – Ірыну Трафімаўну, якая перанесла шмат цяжкасцей у акупацыі. Вось адзін з выпадкаў. Ірына Трафімаўна па загаду немцаў гатавала ім ежу і ўзяла з сабой маленькую Верачку. Малая расплакалася, і адзін з фашыстаў схапіў дзіця ў пялёнках і кінуў у печ. Жанчына з крыкам кінулася ратаваць. Тут на дапамогу ёй падскочыў другі немец. Выхапілі немаўля з агню. Відаць, нейкія чалавечыя пачуцці засталіся ў ворага. Больш Ірына не брала дзяцей у хату. Яны заставаліся ў зямлянцы. Жанчына сумела захаваць дзяцей, вытрывала, дачакалася сустрэчы з мужам. Працяг жыцця А. К. Лёгенькага ў яго трох дочках, пяцярых унуках, шасці праўнуках.

Ганаруся сваімі аднавяскоўцамі. У Дзень вызвалення нашага раёна і горада ад фашысцкай чумы давайце запалім свячу Памяці ў гонар тых, каму абавязаны шчаслівым жыццём і свабодай.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity