Общество > Нам пишут

900

Пішуць жыхары Рэчыцкага раёна. Разляцеліся, бы птушкі…

 +

…У мінулым годзе, калі святкавалася 90-годдзе майго надта паважанага земляка з пасёлка Храбры Андрэя Андрэевіча Сівухі, выпала пазнаёміцца з ягонымі дзецьмі. Сын Мікалай зараз жыве і працуе ў расійскім Анадыры, далучае мясцовую моладзь да лётнай справы, бо сам жа быў авіятарам. Дачка Таццяна – у сталіцы Італіі Рыме.

 

Знаёмства, адзначанае вышэй, стала штуршком для аповяду, дзе жывуць тыя, каторыя некалі нарадзіліся і выраслі ў Ровенскай Слабадзе ці ў іншых населеных пунктах нашага сельскага Савета.

Згадаўся Талін (сталіца Эстоніі), куды пасля заканчэння Гомельскага інстытута інжынераў чыгуначнага транспарту лёс закінуў Льва Піліпавіча Чэчата. Там ён плённа працаваў, паказваючы высокі прафесіяналізм, да самага выхаду на пенсію.

У Латвіі жыў і працаваў Анатоль Трафімавіч Шліхтаў. З’яўляўся палкоўнікам Савецкай Арміі. Калі настаў час выхаду ў адстаўку, то месцам далейшага пражывання абраў Рыгу.

У партовым латышскім горадзе Ліепаі і сёння набягаюць гады Людмілы Мікалаеўны Кавальчук.

У сталічным Вільнюсе (Літва) некалі знайшлі прытулак, каб жыць ды працаваць, браты Мікалай і Леанід Вароны. Зараз бацькоўскую справу, там жа, у Літве, працягваюць іх дзеці.

Шмат маіх землякоў, як кажуць, атабарыліся ў Расійскай Федэрацыі. Толькі ў Санкт-Пецярбургу звыш дзясятка былых слабадзян.

Пасля заканчэння Санкт-Пецярбургскага караблебудаўнічага інстытута галоўным эканамістам караблебудаўнічага завода рабіла Любоў Іванаўна Сівуха. Яе брат, Міхаіл Мікалаевіч Сівуха, з’яўляўся загадчыкам лабараторыі навукова-даследчага інстытута «Трансмаш». Мікалай Антонавіч Мацюшэнка да пенсійнага ўзросту праслужыў мічманам на Балтыцы. Тамара Мікалаеўна Сівуха звыш трыццаці гадоў шчыравала доктарам медыцыны.

У Гатчынскім раёне пад Санкт-Пецярбургам жывуць і працуюць Зінаіда Рыгораўна Дворнік і Тамара Уладзіміраўна Сівуха.

У Маскве, сталіцы Расіі, гэтаксама «зачапіліся» больш тузіны маіх землякоў. У будаўнічай галіне на працягу дзясяткаў гадоў знайшлі сябе Леанід Аляксеевіч Мацюшэнка ды Леанід Якаўлевіч Сівуха.

Значны ўнёсак у справе ўмацавання сталічнага правапарадку Леаніда Васільевіча Дворніка, палкоўніка міліцыі, былога першага намесніка камандзіра атрада паліцыі асобага прызначэння Упраўлення ўнутраных спраў г. Масквы, кавалера некалькіх высокіх ордэнаў і медалёў.

Медыцынская сястра Тамара Мітрафанаўна Чарнашэй прыжылася ў паўночным горадзе Мурманску, а яе сын Мікалай – на касмадроме Байканур.

У старажытным рускім горадзе Уладзіміры жыла і плённа працавала Кацярына Уладзіміраўна Сівуха, бацька якой загінуў на фронце падчас Вялікай Айчыннай вайны, а маці памерла на яе прыканцы.

Надта працавітая дзяўчына Таццяна Васільеўна Варона ў пошуку працы некалі апынулася ў далёкім ад нас Нарыльску, дзе і пайшла на заслужаны адпачынак.

Галіну ж Рыгораўну Кулакоўскую муж запрасіў у Растоў-на-Доне, дзе яна жыве да сённяшняга дня.

Месцам пражывання братоў Юрыя ды Вячаслава Розбергаў стаў сусветна вядомы горад Курск. Жыхаром гэтага ж горада-героя выпала быць падпалкоўніку, лётчыку, кавалеру некалькіх баявых ордэнаў і медалёў Барысу Пятровічу Міхеду. Туды яго паклікалі былыя аднапалчане.

Дабраліся мае землякі да Урала, да Сібіры і нават да вострава Сахаліна. Генадзь Міхайлавіч Патароча вадзіў аўтобусы па вуліцах Свярдлоўска. У Новасібірску настаўнічала Валянціна Сяргееўна Зернякова. Гэтаксама настаўнікам у Кемерава рабіў Пятро Захаравіч Ганчарэнка. На Сахаліне (г. Чэчаў) паважаным юрыстам стаў Аляксандр Якаўлевіч Гусак.

Паступова ровенскаслабодцы сталі асвойваць і рэспублікі Сярэдняй Азіі. Так, каля 25 гадоў медыкам Душанбэ з’яўлялася Марыя Аляксееўна Мацюшэнка. Такі ж медыцынскі стаж, ужо ў Казахстане, здабыла Раіса Канстанцінаўна Мурашка. Пятро ж Васільевіч Сівуха ладкаваў сваё ва Узбекістане.

А вось двое з трох братоў Астапенкаў месцам жытла і працы абралі Расію. Старэйшы, Аляксандр Іванавіч, рабіў на аўтамабільным заводзе ў Тальяці, Анатоль Іванавіч, малодшы, – галоўным інжынерам Надымскай нафтагазаразведвальнай экспедыцыі ў Ханты-Мансійску. Што да сярэдняга з братоў, а гэта Генадзь Іванавіч, дык яму выпала займаць кіруючыя пасады ў савецкіх органах Віцебшчыны.

З прыгожым украінскім горадам Нікалаевым звязаў сваё жыццё марскі афіцэр Іван Антонавіч Мацюшэнка. Ды і пляменнік яго Аляксандр служыў у марскім флоце (г. Севастопаль).

Не лішне зазначыць, што важкі ўнёсак у эканоміцы Украіны майго земляка Яўгена Васільевіча Мяліка, які дзясяткі гадоў шчыраваў у шахтах Данбаса.

Мая аднакласніца Кацярына Васільеўна Сівуха таксама жыхарка Украіны (г. Нежын).

Але ж большасць маіх землякоў, пакінуўшы Ровенскую Слабаду, знайшлі сябе на прасторах роднай Беларусі. Першым варта б згадаць Уладзіміра Андрэевіча Дворніка, які быў і старшынёй Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта, і намеснікам старшыні Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. Ягоны ж брат Анатоль жыве ў горадзе Краснадары (Расійская Федэрацыя).

А вось Віктар Уладзіміравіч Чэчат. Ён – вядомы мінскі навуковец (прафесар, доктар педагагічных навук, заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь).

Кандыдатам фізіка-матэматычных навук з’яўляецца сёння і мінчук Сямён Адамавіч Куцень. Кацярына Сямёнаўна, ягоная маці, – ордэнаносная даярка, Адам Барысавіч, бацька, – інвалід Вялікай Айчыннай вайны.

Там жа, у сталічным Мінску, высокія прафесійна-медыцынскія здольнасці паказаў Віктар Мікалаевіч Бур’як, які некалі працаваў галоўным санітарным урачом Рэспублікі Беларусь. Што да ягонага брата, дык Анатоль Мікалаевіч доўгі час з’яўляўся дырэктарам Беларускага газаперапрацоўчага завода.

З 1962 па 1994 год у пасёлку Хваенск Жыткавіцкага раёна галоўным урачом мясцовай бальніцы рабіў мой брат Аляксей Мікалаевіч Сівуха. Напачатку заслужыў знак «Отличник здравоохранения», а затым і званне «Заслуженный врач СССР».

У гераічным Брэсце жыве і працуе кандыдат педагагічных навук Генадзь Аляксандравіч Дворнік, медыцынскія сёстры Кацярына Рыгораўна Сівуха ды Ніна Іванаўна Маліжонак.

Не дзіва, што найбольшая колькасць маіх землякоў, што пакінулі малую радзіму, супыніліся ў Гомелі: выкладчык ВНУ Тамара Трафімаўна Шліхтава, бібліятэкар Зоя Пятроўна Міхед, метадыст па дашкольным выхаванні Ларыса Пятроўна Міхед, работнікі вытворчасці Іван Мікалаевіч Куцень і Вольга Мікалаеўна Сівуха («Крышталь»), цырульнік Ганна Іванаўна Куцень, мастак (тэлебачанне) Уладзімір Мікалаевіч Сівуха, настаўнікі Раіса Фёдараўна Ганчарэнка, Валянціна Мікалаеўна Сівуха і Віктар Мікалаевіч Сівуха, лагапед Людміла Фёдараўна Ганчарэнка.

Вядома ж, пералічаныя вышэй – толькі частка маіх землякоў, якіх лёс закінуў у далёкія ці параўнальна блізкія мясціны. Калі выпадае магчымасць, яны наведваюць родныя мясціны. Мы ж ім шчыра радыя. І як не згадаць цудоўныя словы паэта Аляксандра Шынкарэнкі:

«Малая Радзіма, цябе не забудзем,
Колькі жывем – памятаць будзем!»

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity