10/09/2018

Нам пiшуць жыхары Рэчыцкага раёна. Бяроза-абаронца

– Ура! Дзядуля прыйшоў з працы! – закрычаў з радасцю Змітрок і пабег насустрач. Дзядуля раскінуў рукі, падхапіў малечу, падняў высока-высока. У хлопчыка аж дух захапіла. – Дзядуля, а што ты мне прынёс? – запытаўся ўнучак, з цікаўнасцю пазіраючы на сумку.

– Ура! Дзядуля прыйшоў з працы! – закрычаў з радасцю Змітрок і пабег насустрач.

Дзядуля раскінуў рукі, падхапіў малечу, падняў высока-высока. У хлопчыка аж дух захапіла.

– Дзядуля, а што ты мне прынёс? – запытаўся ўнучак, з цікаўнасцю пазіраючы на сумку.

– Ого, табе зайчык перадаў прысмакі. Ён пра цябе пытаўся, ці добра ты вёў сябе. А яшчэ я прынёс вось што.

Дзядуля выцягнуў з сумкі кулёк, у якім ляжаў невялікі аскепак металу.

– Яго дасталі з бярозы, якой было каля дзевяноста гадоў і якую прывёз лесавоз разам з другімі бярвеннямі на перапрацоўку на прадпрыемства. Яна была асаблівая. На яе ствале засталіся рубцы ад вайны, у кару ўраслі кавалачкі металу. Прыйшлося выдзіраць сляды вайны, – расказваў дзед.

– А ёй было балюча? – ціха спытаў хлопчык.

– Ды не, ёй ужо не баліць. Боль прайшоў, а шрамы загаілася, – паясніў дзед Алесь. – Прыйшоў час пераходзіць у новае вымярэнне жыцця. Гэтае дрэва яшчэ паслужыць чалавеку ў новай якасці.

Бабуля ўзяла ў рукі металічны кавалачак і стала ўглядацца ў яго. І перад ёй нібыта паўстаў той дзень, калі дрэва было паранена.

Усё гарэла і дымілася вакол. Партызаны адбівалі наступ ворага. Купка байцоў залегла ў лагчыне, ад фашыстаў іх засланяў малады бярэзнік. Цішыня спыніла час. Яна давала спакой і перадышку змагарам.

Трава, кветкі каля бярозы пераліваліся на сонцы рознымі фарбамі. Найярчэй выдзяляўся чырвоны колер, колер крыві. З бярозы цёк ручаём слёз бярозавы сок. Ёй было балюча і радасна. Яна, бярозка, засланіла ад смерці маладога байца, які бег з вінтоўкай у руках на немцаў. Бой быў цяжкі. І ўсё ж яны перамаглі. Стомленыя, прыпалі асмяглымі вуснамі да гаючага параненага дрэва. Сок даваў сілу і веру ў перамогу. Адзін з байцоў, перавязваючы рану свайму таварышу, перавязаў і бярозу, ствол якой быў пашчапаны снарадамі.

След вайны дайшоў да нашага часу. Праз прыцэл свайго ўяўлення бабуля глядзела на гэтую знаходку. Якая ж страшэнная яна, вайна. Колькі жыццяў забрала, смяротным прасам прайшлася па кожнай сям’і, нават па дрэвах. Яны таксама выжылі.

– Добра, што мы, нашы дзеці і ўнукі не бачылі гэтай страшэннай навалы, – ціха прашаптала жанчына і паклала знаходку ў скрыначку.

А дзядуля дадаў, пагладжваючы ўнука па галаве:

– Не выдумляй, старая. Хапіла нашаму народу пакутаў. Зірні, сонейка свеціць, радуйся жыццю. Вайна засталася ў мінулым. Я веру ў гэта. І вунь які арол расце ў нас!

Ніна ТРОШКА, в. Жмураука



--- взято с сайта dneprovec.by ---