Гісторыі ад жыхароў Рэчіцкага раёна. Пачатак Перамогі
Источник: Dneprovec.by Фото: з інтэрнэту, носіць ілюстрацыйны характар
За вакном світае. Кацярынка расплюшчыла вочы і падумала: «Калі ж прыйдуць нашыя? Дзе бацька? Без яго так цяжка маці і мне».
Прыслухалася: дзесьці далёка чулася страляніна. У баку гораду стракаталі кароткімі чэргамі кулямёты. Відаць, гоняць немцаў. Так ім і трэба! «А дзе ж матуля?» – дзяўчынка зірнула ў глыбіню пакоя. Там на каленях перад абразамі стаяла маці і малілася Святому Яну Воіну. Кацярынка чула абрыўкі: «Госпадзі, памажы! Госпадзі, блаславі! Сам ты захавай і ўкрый сваім святым покрывам воіна, раба Божага Івана. Не дапусці да цела яго раны ліхія, куля яго няхай не возьме».
Малая ўскочыла з ложка, ціхенька падышла да маці, абняла яе і прашаптала: «Не хвалюйся, татка наш вернецца. Вось пабачыш. Я сёння сон пра яго сніла».
На двары ўжо развіднела. Нехта пастукаў у вакно. Маці адчыніла дзверы. На парозе стаяла суседка і прамовіла: «Сёння нашы гоняць немцаў. Бачыла, як стралялі "кацюшы"». Жанчыны гаманілі паміж сабой пра свае справы, а дзяўчынка думала пра свайго татку.
Удзень пайшла калона байцоў. Вяскоўцы частавалі вызваліцеляў чым маглі. Нарэшце збавіліся ад ворагаў! Недзе пад вечар у хату ўбег вайсковец. Кацярынка ўважліва паглядзела і кінулася насустрач: «Татачка, ты прыйшоў! Я цябе так чакала!» Так, гэта быў яе бацька. Маці была на агародзе. Пачуўшы воклічы на двары, яна хуценька прыйшла і ўбачыла свайго Івана. Слёзы радасці ліліся з вачэй. Але нядоўга ён пабыў са сваімі роднымі. Трэба даганяць сваіх. Жанчына сабрала ў вузел самае неабходнае дзеля салдата.
Пастаялі, абняўшыся, на развітанне і правялі свайго абаронцу, перахрысціўшы на дарогу. Гэта быў пачатак Вялікай Перамогі.
Ніна ТРОШКА, в. Жмураўка