Нізкі вам паклон, дарагія вяскоўцы
Фото: аўтара і з сямейнага альбома
Вёска, звычайная вёска Броннае сярод іншых вёсак нашага раёна. Але яна вылучаецца сваёй непаўторнасцю, бо размясцілася ў васьмі кіламетрах ад горада на беразе ракі Днепр. Дняпроўскія хвалі лашчаць гэтую зямлю, нешта таямніча шэпчуць сваім вяскоўцам. А буслы шпацыруюць на доўгіх нагах у чырвоных ботах па лузе, пакружаць над чыей-небудзь хатай, і там хутка з’яўляецца маленькі жыхар. Будуецца вёска. Маладыя сем’і жадаюць жыць у сваім селішчы. Жывуць тут працавітыя людзі. Кожны з іх нясе ў сабе таямніцу вечнасці сваёй вескі.
Так, па вуліцы Лугавой жывуць пенсіянеры сталага ўзросту, дзявяты дзясятак размянялі. Гэта Мікалай Макаравіч Гапоненка і яго жонка Надзея Мікалаеўна. Узорная сям'я. Вырасцілі трох дзяцей – Васіля, Ганну, Сяргея, – якія маюць вышэйшую адукацыю.
Усё жыццё працавалі, выхоўвалі дзяцей. Мікалай Макаравіч мае больш 50 гадоў працоўнага стажу ў калгасе «40 лет Октября». Быў шафёрам, трактарыстам, забеспячэнцам сельгасдэталей для мехдвара. Мае шматлікія граматы. У 1987 годзе заняў І месца ў Гомельскай вобласці на жатве, працуючы камбайнерам на КСК-10. Быў узнагароджаны турыстычнай паездкай у ГДР. Выконваў грамадскія абавязкі, з'яўляўся 12 год дэпутатам сельскага савета. Ён і зараз не сядзіць без працы, завіхаецца на полі. Хутка дзеці прыедуць. Дапамогуць бульбу капаць.
Надзея Мікалаеўна працавала тэхработніцай, даяркай у калгасе. 39 гадоў працоўнага стажу. Паміж дойкай кароў прыбягала дамоў, прыбірала ў хаце, даглядала дзяцей. Усе яны выйшлі ў людзі, не сорамна за іх. Займаюць кіруючыя пасады. Асабліва парадаваў старэйшы сын Васіль. Скончыўшы Броннескую сярэднюю школу, ён паступіў у Доўгаўпілскае вышэйшае авіяцыйнае інжынернае вучылішча і пачаў свой працоўны шлях у адной з воінскіх часцей у якасці начальніка групы самалётаў г. Усурыйска. На 322-м авіяматорным заводзе прайшоў шлях ад старэйшага інжынера тэхнічнага кантролю да генеральнага дырэктара тэхнічнага кантролю ФГУП «322-АРЗ».
Думаю, не ўсе жыхары в. Броннае ведаюць, што іх зямляк Васіль Мікалаевіч Гапоненка мае ордэн «За заслуги перед Отечеством», медаль «200 лет Министерству обороны», ганаровыя граматы галоўнакамандуючага Ваенна-паветранымі сіламі Расіі і губернатара Прыморскага края. Быў генеральным дырэктарам ОАО «322-АРЗ», палкоўнік запаса. Зараз працягвае працаваць у Маскве. Па волі лёсу свае жыццё і працу прысвяціў брацкай Расіі. З яго непасрэдным удзелам была выдадзена кніга «Надёжность, проверенная в небе».
Пытаюся ў Надзеі Мікалаеўны:
– Якімі метадамі выхавання карысталіся, каб вывесці дзяцей на дастойны шлях у жыцці?
Яна з цеплынёй у голасе кажа:
– Сыны каля бацькі круціліся, тэхнікай цікавіліся, а дачка дапамагала мне. На канікулах усе працавалі, зараблялі працадні. Ведалі, як капейка дастаецца.
Памаўчаўшы крыху, дадае:
– Зараз Макаравіч кажа мне, што можна ўжо і паміраць, дзяцей вывучылі, дачакаліся пяцёра ўнукаў і двух праўнукаў, свой абавязак выканалі. А я яму ў адказ і гавару – да што ж ты! Цяпер толькі жыць і радавацца нашаму шчасцю. Трымайся за жыццё. Мы яшчэ сваім дзецям патрэбны. Памятаешь, якое яны нам справілі залатое вяселле ў рэстаране, зіхацелі, як залатыя пярсцёнкі. Такая павага была ад дзяцей!
Перад хатай на вуліце шапаціць лісцем бяроза, пасаджаная сынам Сяргеем, нібы перадае прывітанне бацькам ад любячых дзяцей.
Так, мая мілая вёска, можам загарнуць у кнігу свайго жыцця старонку вечнасці, якая запоўнена дасягненнямі сям'і Мікалая Макаравіча Гапоненка. Бо ты стала вядомай аж у далёкім Прыморскім краі. Нізкі вам паклон, дарагія вяскоўцы.