02/06/2018

Жывуць вёскі Рэчыцкага раёну. Васількова (Васількоў)

Тыя чатыры кіламетры, якія прастуюць да вёскі Васількова з боку трасы Рэчыца – Парычы, службовы легкавік рэдакцыі «Дняпроўца» пераадолеў з душэўнай радасцю для журналістаў. Бо стужка асфальту імчала між па-сапраўднаму маляўнічых лясных абшараў. Таму й хацелася, каб дарога была нашмат даўжэйшай.

Тыя чатыры кіламетры, якія прастуюць да вёскі Васількова з боку трасы Рэчыца – Парычы, службовы легкавік рэдакцыі «Дняпроўца» пераадолеў з душэўнай радасцю для журналістаў. Бо стужка асфальту імчала між па-сапраўднаму маляўнічых лясных абшараў. Таму й хацелася, каб дарога была нашмат даўжэйшай.

Але, нарэшце, лес адступіўся ў бакі, і асфальт пачаў пераразаць поле, у канцы якога і стаяла акружанае зелянінай Васількова.

Супыніліся, каб зафатаграфаваць шыльду з назвай населенага пункта. А, зірнуўшы ўбок, вока зачапілася і за першую «жывую душу». Гэта быў звычайны… заяц, які гойсаў па палявой руні. Як бы пацвярджаючы: лясное Васількова багатае не толькі добрымі людзьмі, але і дзічынай, якую, калі маеш дазвол на стрэльбы і паляўніцтва, можаш здабыць без аніякіх высілкаў.

…Патрэбны нумар дома на вуліцы Шасейнай адшукаўся гэтаксама на дзіва лёгка. Ведалі: тут жыве Тамара Іванаўна Верабей, дэпутат Заходскага сельскага Савета, то адразу ж і памочнік старшыні Савета.

На дэпутацкім падворку чуўся «гоман» механічна-бензінавай касы. Як высветлілася, муж Тамары Іванаўны рупіўся навесці належны парадак, «зваліўшы» непатрэбнае да апошняга каліва.

– Толькі што пайшла, – паведаміў пра жонку, не забыўшыся дадаць: яе дагонім на вуліцы Савецкай, куды руплівіца пакіравала спалоць граду на агародзе брата, якога, на жаль, сярод нас, жывых, ужо няма…

Сама б спытаць, а якім чынам на той жа вуліцы Савецкай знайсці і патрэбны нам дом, у якім павінен быць Пятро Міхайлавіч Батура – сапраўдная энцыклапедыя мясцовай гісторыі, кандыдат філасофскіх навук, дацэнт кафедры права і эканамічных тэорый Беларускага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта спажывецкай кааперацыі.

Вось такая прыгажосць каля дома Віктара Міхайлавіча ды Валянціны Мікалаеўны Блізняцоў
Вось такая прыгажосць каля дома Віктара Міхайлавіча ды Валянціны Мікалаеўны Блізняцоў

Але ж пашанціла і тут, бо Тамару Іванаўну дагналі якраз каля дома
№ 9, на лаве перад якім сядзелі, размаўляючы аб сваім, трое мужчын. Адзін з іх – П. Батура.

Т. Верабей, уведаўшы пра мэту нашага прыезду ў Васількова (напісаць пра вёску, пазнаёміцца з П. Батурам, сабраць звесткі пра іншых цікава-мясцовых людзей), параіла найперш супыніцца на гаворцы з Пятром Міхайлавічам. А потым, даўшы ёй магчымасць пашчыраваць на сотках, колькі пытанняў задаць і ёй.

– Ідзем у хату, – адразу ж запрапанаваў Пятро Міхайлавіч. І пакуль тупалі ад варот да ганку сенцаў, не мінуў пацікавіцца: колькі каленаў сямейнага радаводу вядомы аўтару дадзенага артыкула?

Шчыра кажучы, мой сямейны радавод чакае рупнае працы, якая ўскладняецца адсутнасцю жывых сведкаў, здольных дапамагчы хоць словам. Таму і даводзіццца спадзявацца на такія-сякія звесткі архіўныя. Але і ў гэтым разе на далёкі паглыб уласнага радаводу спадзявацца не даводзіцца. Застаецца супыніцца хіба што на прадзеду Даніле, ляснічым баршчоўскіх памешчыкаў Будзяноўскіх.

– А я ведаю радавод да сёмага калена, – пахваліўся Пятро Міхайлавіч. І сапраўды, хвілін праз колькі, ужо пераступіўшы парог яго бацькоўскай хаты, з вялізным задавальненнем ўзіралісь у здымкі людзей, родных П. Батуры, пачынаючы ад яго прадзеда Васіля. А тыя, хто з роду Батураў веку яшчэ старэйшага, у сямейным музеі захоўваюцца шыльдамі дакладных апісанняў.

Слынны жыхар-васільковец Пятро Міхайлавіч Батура на хвілінку прысеў на памочнік-матаблок, які некалі быў падараваны раней ягонаму бацьку – Міхайлу Пятровічу
Слынны жыхар-васільковец Пятро Міхайлавіч Батура на хвілінку прысеў на памочнік-матаблок, які некалі быў падараваны раней ягонаму бацьку – Міхайлу Пятровічу

«Гісторыя вёскі Васількова ў дакументах, з’явах, людзях» – такая назва манаграфіі Пятра Міхайлавіча, якую ў 2016-м выдаў з дапамогай сына Яраслава, менаджара. Трымаючы ў руках згаданую працу, мусім згадаць: яна – патрыятычны ўнёсак П. Батуры ў мясцовую гісторыю. Асноўныя ж працы навукоўца па філасофіі. То хочаш не хочаш, а пра постаць вучонага варта сказаць больш падрабязна.

Нарадзіўся ў 1950-м. Скончыў Дуброўскую васьмігодку, а затым і Лоеўскае педагагічнае вучылішча. Да армейскае службы працаваў у школе Старых Дарог (Мінская вобласць), дзе давялося выкладаць гісторыю і фізічную культуру.

Свой галоўны абавязак перад Радзімай выконваў у шырока вядомых Пячах. Быў танкістам-механікам-вадзіцелем і камандзірам Т-62.

 Пасля арміі – вучоба ў Гомельскім універсітэце імя Францыска Скарыны. Запіс дыплома – гісторык.

– Дзякуй бацькам, – чуем ад Пятра Міхайлавіча, калі згадвае Вольгу Астапаўну і Міхаіла Пятровіча, якія не толькі далі жыццё траім дзецям, але і дапамаглі набыць кожнаму вышэйшую адукацыю.

Было дырэктарства ў школе Чырвонай Дубровы (Караваціцкі сельскі Савет). Там і напісаў свае першыя работы, якія ў будучым дазволілі стаць на дарогу навукоўства. Абараніў кандыдацкую дысертацыю, што, трэба прызнаць, з’явілася навіной і для райкама партыі (яго, П. Батуру, хутчэй за ўсё, меркавалі трымаць у напрамку далейша-партыйнай працы).

Пятро Міхайлавіч – аўтар трох падручнікаў паліталогіі ды хрэстаматыі (адзіная ў Беларусі). Дзве ягоныя асноўна-навуковыя працы маюць грыф Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Інакш кажучы, выдадзеныя па дзяржаўным заказе.

У Беларускім гандлёва-эканамічным універсітэце спажывецкай кааперацыі ён дацэнт паліталогіі, загадчык секцыі, і, як прызнаецца, апошні сакратар партыйнай арганізацыі.

Пакінуўшы ўніверсітэт, а гэта адбылося не так даўно, Пятро Міхайлавіч мае ў роднай навуковай установе сына Сяргея, які, як думаецца, таксама стане адметнай асобай навукі Гомельшчыны.

Што ж прымусіла Пятра Міхайлавіча адысці ад навукоўства? Некалькі гадоў клапаціўся пра хворую маці. Цяпер, калі Вольгі Астапаўны (рабіла настаўніцай) не стала, сын абраў роднае Васількова месцам пражывання ў цеплы пырыяд года. Дзе на ўлонні прыроды можна думаць пра напісанне па-сапраўднаму годнага. І калі згадвалася манаграфія «Вёска Васількова ў дакументах, з’явах, людзях», дык гэта, як думаецца, толькі пачатак – подступ да асвятлення мясцовага краязнаўства. Што дазволіць, а гэта без аніякай нацяжкі, пакінуць адметны след на ніве гіторыі роднага кута.

Што сказаць пра манаграфію яшчэ? Рэч выдатная. Калі не рабіць прывязкі, што пачатак Васількова дакументальна датуецца 1523 годам. На жаль, не. Бо Пятро Міхайлавіч, мякка кажучы, тут памыляецца. Радкі «Прывілея польскага караля Жыгманта падчашаму пану Яну Міколаевічу на двор Васілішскі», дзе гаворыцца «…Мы з ласкою нашое на чалом-битье подчашого нашего пана Яна Миколаевича то есмо и чинили: тую суму пензей тисячу коп. грошей дозволили есмо пану Якубу Кунцовичу отложити, и двор тот наш Василишски в той суме пензей в тисячу копей грошей литовское монеты в заставе ему есмо дали держати…», пасуецца не да вёскі Васількова (Рэчыцкі раён), а да аднаго з населеных пунктаў сучаснага Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці. І ўсялякія спрэчкі, якія б ставілі пад сумненне толькі што сказанае, проста залішнія. Так, Васілішкі некалі ўваходзілі ў Трокскі павет, але ж не вёска Васількова.

Варта сказаць і наступнае: калі мясцовая гісторыя падаецца праз канкрэтных людзей, то тут вялікая рызыка выклікаць незадавальненне іх родзічаў. Што, трэба прызнаць, у нечым так і атрымалася. Але ж на тое яна і гісторыя, каб пісаць праўду і толькі яе. Не зважаючы: шмат хто з нас пішчаком ціснецца да вялікіх, мінаючы хіба што Гітлера, Герынга, Гімлера ды Мюлера. За гэткай іранічнай заўвагай няпростыя стасункі з тымі, каго ты зачапіў.

– Стралялі вось тут, – паказаў рукой Пятро Міхайлавіч на другі бок роднай вуліцы. Пра «стралялі» у манаграфіі не так і шмат. Пра лёс бабулі Хадоссі Іванаўны Батуры некалькі радкоў. Ёй з трыма дзецьмі – Мішай, Маняю і Васільком – выпала хавацца ў ямцы. З аповеду Міхаіла Пятровіча, бацькі П. Батуры: «…Дзесьці страляюць, а мы, ціхенечка дыхаўшы, чакалі… І вось з’явіўся над намі немец з закатанымі рукавамі і аўтаматам наперавес. Паглядзеў на нас, адвярнуўся і пайшоў далей. Так засталіся жывымі…»

П. Батура лічыць за патрэбнае памяць аб загінуўшых захаваць праз помнік-слуп, на ўзвядзенні якога не абысціся без дубовых плах. Думаецца, калі справа дойдзе да ажыццяўлення задуманага, то васількоўцы адчуюць разуменне і дапамогу Васілевіцкага лясгаса. Сумніву аніякага.

Займеўшы ад Пятра Міхайлавіча згоду, каб напісаў колькі артыкулаў для «Дняпроўца», выправіліся шукаць Т. Верабей.

Па дарозе пазнаёміліся з Верай Мікалаеўнай Платонавай, якая ехала па вуліцы на ровары. А, супыніўшыся, расказала і пра сябе, і пра чыста вясковае.

У яе расейскія карані, бо з Ніжняга Ноўгарада. Некалі бацька забраў сям’ю ды адвёз у Казахстан. А потым лёс закінуў дзяўчыну і ў Васількова. Крыху рабіла ў бібліятэцы, затым на пошце. Выбіралася дэпутатам мясцовага Савета. Сёння, страціўшы мужа, жыве на краі вуліцы Савецкай.

Вера Мікалаеўна Платонава – суразмоўца па-сапраўднаму цікавы
Вера Мікалаеўна Платонава – суразмоўца па-сапраўднаму цікавы

Расказала: яшчэ нядаўна да яе жытла дарога была звычайна-прасёлкавай. Асфальт пакладзены дзякуючы настойлівасці мясцовых актывістаў. Улада паслухалася. Малайцы і дарожнікі: пастараліся шчыра-адказна.

Развітаўшыся з Верай Мікалаеўнай, цікавай і нашмат маладзейшай запісу метрыкаў, адшукалі і Т. Верабей. Гаворка з Тамарай Іванаўнай гэтаксама была плённай. Даведаліся пра яе грамадскую працу. Пра дапамогу састарэлым, калі з сацыяльным работнікам Ірынай Ягораўнай Шпак даводзіцца мераць ціск, дапамагаць людзям у шмат чым іншым. Як не штодня.

Чыста пра сябе Тамара Іванаўна амаль і не расказвала. Але, калі па-праўдзе, то нас, супрацоўнікаў «Дняпроўца», гэткая «загана» амаль не хвалявала. Бо варта зноўку звярнуцца да манаграфіі П. Батуры «Гісторыя вёскі Васількова ў дакументах, з’явах, людзях» – і яна, Т. Верабей, бы на далоні. То пачытаем: «…Пераехала з паміраючай вёскі Красная Лужка (16 двароў было) ў Васількова разам з хатаю і дзяцьмі Верабей Любоў Фёдараўна.

Мужык яе памёр ад чахоткі (туберкулёз), якую атрымаў, працуючы ў полі на сеялцы. Вось і прыйшлося перасяліцца бліжэй да работы, людзей. Працавала і на свінаферме, і даяркаю. Працавітаю была, дапамагала і людзям капаць бульбу, зграбаць сена. Адгукалася на людское гора. Памёрла ў 2009 годзе. Дочка яе, Верабей Тамара Іванаўна, стала маці-гераіняю: нарадзіла і выхавала пяцёра дзяцей. Узнагароджана медалём «Маці-гераіня».

У калгасе працавала даяркай. Падрастаючыя дзеці станавіліся памочнікамі на ферме, ды і даглядалі меньшых. Выхоўваліся ў працы. Бестэрміновы дэпутат Дуброўскага сельскага Савету. Дапамагае людзям у барацьбе з свавольствам калгасных і дзяржаўных чыноўнікаў. І настырнасцю сваёю заўсёды дабіваецца перамогі ў карысць пакрыўджаных…»

У згаданых вышэй радках трэба зрабіць папраўку па назве сельскага Савета (цяпер Заходскі) ды, бадай, у «свавольстве калгасных і дзяржаўных чыноўнікаў». Калгас – таксама далёкае мінулае (цяпер Васількова ў складзе КСУП «Камсамольск»). Ды і цяжка зразумець пра «свавольства» дзяржаўных чыноўнікаў. Яно ў закрыцці крамы?

Пра краму гаворка супрацоўнікаў «Дняпроўца» была як з Т. Верабей, так і з Валянцінай Мікалаеўнай Блізнец. Перад яе домам, які бы лялька, спыніліся шчаслівым працягам. Бо на дадзены падворак яшчэ давядзецца зазірнуць, калі дойдзе да матэрыялу пра шчырую сям’ю Блізняцоў. Віктар Міхайлавіч, муж, працуе лесніком, дагэтуль доўгі час з’яўляўся егерам. Некалі прайшоў столькі выпрабаванняў, што загартоўкі хопіць і на доўга-доўгае жыццё…

Пакуль жа мусім згадаць: на падворку Блізняцоў бачылі і курыц з куранятамі, і козачак. Не кажучы ўжо пра двух катоў-прыгажуноў.

У свой час тут, па падворку, хадзілі й каровы. Але цяпер (крыўдна і казаць), кароў у Васількове няма. Ніводнай. Вось як павярнулася яно...

Валянціна Мікалаеўна некалі рабіла прадаўцом. У тым жа, што крама зараз зачынена (прычынаў шмат), можна тлумачыць малалікасцю насельніцтва. Бо на нейкі прыбытак спажывецкай кааперацыі разлічваць не даводзіцца.

То мо пайсці па шляху даўно мінуламу? Калі невялікія крамы мясціліся як не на двары прадаўцоў, і тым не было патрэбы сядзець, чакаючы пакупнікоў, 8 гадзін нудоты. Затое можна было, паспачуваўшы ахвотніку нешта набыць, тавар прадаць у час любы.

Ад Т. Верабей атрымалі параду сустрэцца са старэйшай жыхаркай Васількова. Гэта Марыя Ісакаўна Сцепаненка. Бо яшчэ старэйшая Пелагея Ермалаеўна Хмарун (звыш 100 гадоў) зараз у Рэчыцы, у дачкі Веры.

Сустрэліся з М. Сцепаненка. Бабулька пачула незнаёмцаў, калі мы падступіліся на лічаныя крокі. Спытала: «Адкуль?» Патлумачылі: «З газеты».

– А я думала, з сабесу, – прызналася Марыя Ісакаўна. Тут жа дадала: газеты не чытае, бо ей (так сказала) ужо сто гадоў. То не бачыць і не чуе…

Шаноўная Марыя Ісакаўна, шкада, што няма магчымасці запісаць хоць якія вашыя ўспаміны. Жыццё ў Вас было ой якім нялёгкім! Выхавалі, будучы ім за маці, сямера братоў ды сясцер. А цяпер з тварам, зрэзаным глыбокімі маршчакамі, бы поле раллёю, працягваеце тупаць каля роднай хаты. І, як прызнаецеся, чакаеце смерці…

…Васількова пакідалі з разуменнем: сюды «Дняпровец» вернецца абавязкова. Няхай паменее машкарэчы, якой на дзень нашага «візіту» – хоць грабі мяшком.

У манаграфіі П. Батуры (паўторымся: выйшла ў 2016 годзе) адзначалася: «На цяперашні час у Васількове пражываюць 77 жыхароў у 51 хаце. 28 дамоў лічацца дачнымі».

Згаданыя лічбы перапыталі ў старшыні Заходскага сельскага Савета Наталлі Леанідаўны Смольскай. Як і чакалася, Васількова зменшылася яшчэ больш.

Што ж, жыццё бяжыць. Але ніяк не верыцца, каб населены пункт з гісторыяй у стагоддзі, застаўся толькі ва ўспамінах, ды шчымлівых радках манаграфіі П. Батуры.



--- взято с сайта dneprovec.by ---