Общество > Сельская жизнь

4482

Гарноўка. Рэчыцкі раён

 +

Назва вёскі Гарноўка, мабыць, пайшла ад украінскага «гарна». Ды, хутчэй, ад беларускага слова «гарнуцца». Але ж гэта мае асабістыя меркаванні, дакладней могуць сказаць, вядома, навукоўцы. Перад вайной, як сведчаць гістарычныя звесткі, тут было 55 двароў. Зараз, як расказала старшыня Глыбаўскага сельсавета Кацярына Грабцэвіч, толькі 10 хат жывых узімку, у якіх 14 чалавек. Некаторыя падаліся да дзяцей у горад. Астатнія селішчы ажываюць летам, калі на дачы прыязджаюць і дарослыя, і дзеці. Ініцыятыўная, актыўная кіраўнік сельсавета добра ведае ўсіх сваіх жыхароў, а таму менавіта па яе падказцы і накіравалася да самых аўтарытэтных жанчын Гарноўкі.

Кастры на ўзлеску

Ступіла ў хату ветэрана працы, даяркі, ардэнаносца Ніны Стрыжак і ўбачыла, як палаюць дровы ў грубцы. Ніна Кірылаўна тупала мне насустрач, абапіраючыся на кавеньку. Такою цеплынёю ўспамінаў агарнула ад гэтага вогнішча, што пачала фотаапарат наводзіць на яго.

— Вы агонь у грубе фатаграфуеце? — здзівілася гаспадыня.

— А як жа ж, — адказала я. — Гэта ж ваша печачка, лічы, таксама аб’ект нашай беларускай культуры, бо гарадскія дзеці далёка не ўсе бываюць у вёсцы.

Усё жыццё Ніны Стрыжак звязана з роднай зямлёй. Нарадзілася тут у 1940-м, у шматдзетнай сям’і. Акурат як дачушцы быў годзік, бацька пайшоў на вайну. У палон трапіў, у 1945-м вярнуўся.

— Памятаю, расказвалі, як бацька чорны, схуднелы, гародамі дамоў ішоў. Убачыўшы яго, мая дваюрадная сястра бегла папярэдзіць сваю маці, якая завіхалася каля хлева: «Хавайце пойла, дзядзька страшны набліжаецца». Ён жа, вядома, не з гулянкі вяртаўся, — згадвае Ніна Кірылаўна. — Нас шасцёра. Брат Валодзя загінуў пад Маладзечнам у пачатку вайны. Валянцін у мірны час сышоў з жыцця: бык на ферме пабіў яго. Цяпер вось толькі я і Вольга, сястрыца 82-гадовая ў Рэчыцы, з усёй сям’і. Але ж на дзетак я таксама багатая. Чатыры дачкі маю, 8 унукаў, трох праўнукаў.

Слухаючы жанчыну, якая не шукала іншай долі, як праца на роднай зямлі, думаеш: менавіта такія і стваралі першапачатковы падмурак дабрабыту вёскі. Лёсы капіравалі з бацькоў, што рупіліся ў жывёлагадоўлі, у паляводстве.

— Голадна было. Пасля васьмігодкі працавала на торфазаводзе «Маляное», ён на балоце за вёскай быў. Машыны грузіла, — дзеліцца Кірылаўна. — А як закрылі, цялятніцай, потым у паляводстве рабіла. Замуж пайшла за мясцовага хлопца Станіслава Стрыжака. Пасаг які тады быў? Шафу бацькі мне вы­дзелілі і пасцельную бялізну. Цяжка было дзяцей гадаваць. Муж трактарыстам рабіў. Тады не было дэкрэтнага адпачынку, як цяпер. Толькі два з паловай месяцы перадыху давалі. Я 15 гадоў кароў даіла. Дома ж гаспадарку трымалі: дзве каровы, 7 свіней, курэй. Ды 40 сотак зямлі! Бывала, іду, з дойкі, а меншае дзіця па вакну ходзіць. Суседку прасіла наглядаць...

Ордэн Працоўнай Славы 3-й ступені Ніна Стрыжак заслужыла ў 1974 годзе. Перажывае працаўніца, што кудысь сышоў яе ордэн з пасведчаннем. Крыўдна ж, вядома. Хто, як не яна, ведае, якой працай заслужаны?

— У 2.30 уставала, ішла на ферму за кіламетр. Даіла ў 3, 13 і 18 гадзін, — дзеліцца Кірылаўна. — Зімы такія, што малачко да вядра прымярзала, так што ногі я застудзіла. Калені свае разбухлыя, бывала, паабвязваю шарсцянымі хусткамі і іду на работу. 17 кароў даіла, старалася, за гэта і ўзнагародзілі мяне.

Падзялілася цётка Ніна і сямейнай традыцыяй. На Новы год звычайна да яе завітваюць усе дзеці і ўнукі, святкуюць разам у Гарноўцы. Цудоўная традыцыя, якая свед­чыць пра вернасць Стрыжакоў малой радзіме і маці.

З гісторыі вёскі

Па пісьмовых крыніцах вядома з XIX стагоддзя ў складзе Горвальскай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерніі. Гэтымі землямі ў 1850-м валодаў памешчык Жытнікаў, меў ён больш за 400 дзесяцін. У 1897 годзе ў Гарноўцы былі школа граматы, хлебазапасны магазін.

У 1930 годзе тут арганізавалі калгас імя Молатава. Працавала кузня. Ужо ў жніўні 1941-га дзейнічала падпольна-патрыятычная група, якую ўзначаліла сям’я Ратаборскіх. Карнікі спалілі іх разам з партызанамі... У вёсцы ёсць помнік гэтым людзям.

На ўзлеску ля Гарноўкі цяпер палалі кастры: працаўнікі лясгаса ўбіралі дзялянкі пасля нарыхтоўкі хворай сасны, палілі вецце. Дым з хвойным водарам запоўніў наваколле і нагадаў пра часы партызанскія. Літаральна на ўездзе, непадалёк ад дома Ніны Стрыжак, убачыла манумент, надпіс на якім сказаў пра ўсё: «У гэтым раёне ў гады Вялікай Айчыннай вайны базіраваліся Гомельскі падпольны абкам КПБ (сакратар І. П. Кожар), Рэчыцкі падпольны райкам КПБ і Рэчыцкая партызан­ская брыгада». Пастаяла колькі хвілін моўчкі каля гэтага помніка, звязанага з імем Ільі Паўлавіча Кожара, аднаго з былых рэдактараў «Гомельскай праўды».

Дзядуля мой пражыў 105

Раіса Голубева з магутнага роду Лугоўскіх, 1930 года нараджэння. Гэтая жанчына і зараз аматар чытання. Прыемна было пабачыць на стале былой калгаснай малака­зборшчыцы кнігі сучасных аўтараў, ваенную літаратуру. Вечарамі Раіса Ільінічна паглыбляецца ў сюжэты чужых лёсаў, хаця і яе пуцявіны жыцця маглі б быць увекавечаны. Яна падлеткам заспела вайну. З болем згадвае самы гаротны 1943 год, калі загінуў бацька:

— Немцы ўжо адступалі. А паколькі дарога была замініравана партызанамі, вяскоўцаў гналі наперадзе. Каля Вузнажы тата наш наступіў на міну. Яму моцна ногі пацерла. Прасіў: «Прыстрэльце мяне!» Потым адзін гарноўскі чалавек, які пас у лесе кароў, убачыў забітага майго тату, пасаджанага пад сасёнкай. Прыехалі партызаны, забралі і пахавалі на могілках. А мама была цяжарная. Уяўляеце, як ёй было перажыць усё, выгадаваць нас. Яна за ўсё жыццё ні з кім у вёсцы не пасварылася. Багата што ведала, шаптала, людзям дапамагала. Платы за гэта ніякай не брала.

Ільінічна дзеліцца, як у сваёй лазні, ад якой засталіся толькі сцены, зрабілі з маці дах з сасновых плах, прысыпалі зямлёю і жылі, пакуль адбудаваліся. Замуж Раіса выйшла за зваршчыка Уладзіміра з суседняй вёскі Маскалі. У Слабаду ў калгас хадзіла, касіла з мужчынамі на лузе, арала, бульбу абганяла. Пазней па 14 бідонаў малака на двух вазах, запрэжаных валамі, дастаўляла ў Глыбаў.

— Мы, Лугоўскія, усе крэпкія былі. Дзядуля Фёдар 105 пражыў. Заможны быў у свой час, меў парабка. Шчыра кажучы, і на грудзі добра браў, — дзеліцца жанчына. — Але гаспадар адмысловы. Трымаў коней, карову. Паспрачаўся неяк з мужыкамі і лбом усё-такі разбіў лясны арэх. Умяціна навек засталася. Дзед неяк у лесе нават заначаваў, а ўранні прачнуўся ад таго, што лоўж на ім. Мядзведзь ужо нацягаў галля, каб прыкрыць небараку. Во якія прыгоды дзядулі. Вельмі ён брата майго, Колю, любіў. Той яму чытаў газеты пра розныя падзеі перад Вялікай Айчыннай. Браток мой загінуў на тэрыторыі Польшчы. Лісты пісаў нам: «Помшчу за тату!»

Цётка Раіса не ўяўляе свайго жыцця без лесу. Нягледзячы нават на тое, што гадоў сем назад, збіраючы лісічкі, зламала нагу і ледзь выбралася з гушчару. Добра, што лю­дзі непадалёк аказаліся на машыне, адвезлі дадому, хуткую выклікалі. Адкрыты пералом, працяглая аперацыя ў Рэчыцы, тры металічныя шыны ў назе. Але ж Ільінічна праз год, хоць і з палачкай, рушыла зноў у любімыя свае грыбовішчы Усеначная і Махі. І сёлета хадзіла да маразоў!

— Самае страшнае мне — зіму перавесці. Сэрца слабае, без валідолу нікуды. А вясною зямельку апрацоўваць пачну, дровы нарыхтоўваць, заварушуся, — гаворыць жанчына пра планы. — Дачка Вольга мяне да сябе ў Белгарад заве. Сынок Саша таксама часта тэлефануе з Нікольска Ленінградскай вобласці. Маю чацвёра ўнукаў. Ва ўсіх вышэйшая адукацыя! Чацвёра праўнукаў дачакалася. Але ж пакуль яшчэ са сваёй Гарноўкі — нікуды!

Сацыяльны работнік Ала Масько
Сацыяльны работнік Ала Масько
Старшыня Глыбаўскага сельсавета Кацярына Грабцэвіч
Старшыня Глыбаўскага сельсавета Кацярына Грабцэвіч
Валерый Гуз
Валерый Гуз
Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети