Общество > Сельская жизнь

3003

Дзень пажылых людзей у Рэчыцкім раёне. Свята, што здабыта працай

 +

Да Дня пажылых людзей кіраўніцтва КСУП «Дзяржынскі-агра» паставілася надта адказна. Так, прафсаюзны камітэт гаспадаркі адшукаў неабходныя сродкі. Практычна ў кожны населены пункт адправіўся транспарт з мэтай падвозу гасцей. Своечасова былі змешчаны паведамленні аб часе і месцы правядзення мерапрыемства. Сур’ёзна рыхтаваліся ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці.

І вось, калі час стаў хіліцца да апоўдня, у памяшканні Ровенска-слабодскага цэнтра культуры і адпачынку загучала добрая музыка, як бы заклікаючы ўсіх у прасторную залу, што набыла асаблівую прыгажосць і ўтульнасць.

На парозе ўстановы культуры гасцей сустракалі члены савета ветэранаў, праводзілі ў залу, над аздабленнем якой хораша папрацавалі інжынер па тэхніцы бяспекі КСУП Святлана Мурашка ды бухгалтар Ровенскаслабодскага сельскага Савета Марыя Крынец.

Надта шмат было зроблена працалюбівым і адказным настаўнікам мясцовай школы Віктарам Фёдаравічам Мацюшэнкам, які за кароткі час падрыхтаваў фотакарткі звыш сарака чалавек, якія і склалі «падмурак» стэнда «Ветэраны працы». Каля яго з вялікай ахвотай групаваліся госці, згадваючы сябе і таварышаў па працы, калі былі яшчэ маладымі. Цяпер жа амаль у кожнага за плячыма больш чым за 80 гадкоў.

Асабліва варта адзначыць адказны падыход да свята, аб якім гаворка, з боку кіраўніка КСУП «Дзяржынскі-агра» Леаніда Лешчанкі. Гэта ж Леанід Барысавіч парупіўся, каб госці былі прывезены ў Ровенскую Слабаду з усіх населеных пунктаў савета, а затым дастаўлены дамоў.

Прыемна і тое, што галоўны бухгалтар гаспадаркі, а гэта Таццяна Канстанцінаўна Куцень, не толькі своечасова «знайшла» сродкі на свята, але і зрабіла шмат слушных прапаноў у часе падрыхтоўкі да мерапрыемства. Старалася, каб не засталіся па-за ўвагай былыя працаўнікі, каторыя на цэнтральную сядзібу гаспадаркі не змаглі прыехаць па прычыне стану здароўя.

…Роўна ў 13.00 распачалася дзея, што цягнулася звыш двух гадзін. На яе пачатку вядучы сардэчна павіншаваў прысутных, падкрэсліўшы: павага да сталых людзей – адна з тых «слупоў», на якіх трымаецца і працоўны калектыў, і моцная сям’я, і агульны дабрабыт грамадства. Кожнаму былі да спадобы словы: «…Менавіта вы, сённяшнія ветэраны працы, ва ўсіх жыццёвых абставінах уяўлялі прыклад вернасці грамадзянскаму абавязку, мэтанакіраванасці, узаемадапамогі і таму, што завецца патрыятызмам».

Леанід жа Лешчанка шчыра падзякаваў прысутных, якія асабіста і ў складзе калектыва «напісалі» шмат слаўных старонак гісторыі Ровенскай Слабады і яе грамадскай гаспадаркі. Была падкрэслена вялізная роля ветэранаў у тым, каб старанне і рупнасць перадаць дзецям ды ўнукам. Што, дарэчы, добра бачна на прыкладзе сённяшняга развіцця КСУП «Дзяржынскі-агра».

Першы каштоўны падарунак з рук Леаніда Барысавіча знайшоў былую даярку Соф’ю Фёдараўну Васілец, працоўны стаж якой склаў 42 гады.

Падарунак атрымаў і былы шафёр Мікалай Мікалаевіч Блішч, узрост якога гэтаксама ўжо за 80 гадоў.

Прагучаў музычны падарунак (для ўсіх) у выкананні вакальнай групы «Слабадскія весялухі».

Старшыня сельскага Савета Аляксандр Васільевіч Кавалевіч, атрымаўшы слова да ветэранаў, зазначыў: «Вашы веды, мудрасць і каштоўны жыццёвы вопыт, набыты ў калектыве, дапамагаюць ягонаму далейшаму развіццю, здзяйсненню намечаных планаў, спрыяюць нашаму агульнаму жыццю быць больш шчаслівым».

І гэта так, бо шмат хто, займеўшы магчымасць выхаду на пенсію, застаўся ў родным калектыве.

Пісьмы падзякі былі ўручаны памочнікам старшыні савета: па пасёлку Храбры – А. А. Сівуха, па вёсках Грудская – В. Р. Кузар (Касцянок), Андрэеўка – Г. С. Васілец, Пасека – М. К. Сівуха.

Аляксандр Васільевіч не мінуў згадаць: пра Валянціну Рыгораўну Кузар (Касцянок) надрукаваны добры матэрыял у адным з апошніх нумароў «Дняпроўца».

Былі гарачыя апладысменты і ў гонар згаданага вышэй 90-гадовага Андрэя Андрэевіча Сівухі, які, апроч пасёлка Храбры, у грамадскім «адказе» і за пасёлак Стражынскі. Нясе свой абявязак па-сапраўднаму выдатна.

Затым А. В. Кавалевіч ганаровую грамату і каштоўны падарунак уручыў Таццяне Уладзіміраўне Янкавец. Яе заслуга ў тым, што звыш 30 гадоў выключна эфектыўна ўзначальвала калектыў Ровенскаслабодскага цэнтра культуры і адпачынку.

Аляксандр Васільевіч, валодаючы добрым голасам, выканаў цудоўна-шчымлівую песню «Пагавары са мною, мама». Вядома ж, атрымаўшы буру апладысментаў.

Важныя словы, што клаліся на сэрца кожнаму, былі з боку святара мясцовай царквы ў гонар святога архангела Міхаіла – Віталя Раманавіча Штойкі…

Вядучы падкрэсліў, што, пазіраючы на ветэранаў, ён бачыць шмат пачуццяў: радасць, дабрыню, павагу і… каханне. Сапраўды, шчаслівымі сямейнымі парамі можна назваць Мікалая Кузьміча і Ганну Ільінічну Сівухаў (вёска Пасека), Яўгена Мяфодзевіча і Ніну Паўлаўну Цырульнік (Роўнае), Уладзіміра Васільевіча і Раісу Аляксандраўну Блішч (вёска Андрэеўка), Уладзіміра Іванавіча і Марыю Мацвееўну Сівухаў, Рыгора Міхайлавіча і Ганну Піліпаўну Кулакоўскіх (аграгарадок Ровенская Слабада)…

Шчаслівым сем’ям адрасавалася песня «Кропелька цяпла», у выкананні Ларысы Фёдараўны Супранок (кіраўнік справамі сельскага Савета).

З цікавасцю агучваліся ўспаміны. Так, Валянціна Міхайлаўна Чыгіна ў далёкіх 1960-х у былы калгас імя Дзяржынскага прыехала згодна размеркаванню. Была прызначана аграномам. Выйшла замуж, нарадзіла дзяцей, разам з мужам вывела іх «у людзі». Зараз дапамагае выхоўваць унукаў. Адчуваючы клопат і ў дачыненні сябе. Ці ж не ў гэтым сямейнае шчасце?

Згадваліся ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, а гэтаксама і жанчыны, на плечы якіх легла пасляваеннае адраджэнне.

Ім, жанчынам, якія пры паўсядзённай нястачы не толькі падымалі разбуранае, але і расцілі дзяцей, вобразна кажучы, кармілі і краіну, Л. Ф. Супранок ахвяравала песню «Бераг дзяцінства».

Тым часам вядучы, звяртаючыся да ветэранаў, пацікавіўся: «Ці адрозніваецца моладзь вашага часу ад моладзі дня сённяшняга?» Першым адказ знайшоў Мікалай Мікалаевіч Блішч: «У большасці сваёй сённяшнія маладыя старанна працуюць, як у маладыя гады працавалі і мы. Паглядзіце, хто выводзіць аўтамабілі, камбайны, трактары? Маладыя ж хлопцы. Росцяць ураджаі, здабываюць кармы для грамадскага статку…»

Раптам у зале загучала цудоўная песня з рэпертуару Людмілы Зыкінай «Из далека долго, течет река Волга». Цяпер жа яе заспявала былая знакамітая даярка Валянціна Рыгораўна Кузар (Касцянок), якая ўжо згадвалася вышэй. Зала дружна падтрымала.

Паліліся і гукі не менш некалі папулярнай песні «Каким ты был…» з кінастужкі «Кубанскія казакі». Тым больш што на кожным століку, за якімі сядзелі госці, ляжалі лісткі з яе словамі. Гучалі і песні іншыя.

Дэлегацыя з Андрэеўкі стала ініцыятарам танцу. Танчыць спрабавала нават былая цялятніца (узнагароджана медалём ВДНГ СССР) Людміла Лаўрэнцеўна Борсук, якой, на вялікі жаль, сёння замінаюць два кійкі-папірашкі.

Варта адзначыць: цудоўную музычную атмасферу «ладкаваў» яшчэ адзін настаўнік Ровенска-слабодскай школы – Аляксандр Вячаслававіч Крынец. Дапамагаючы як удзельнікам мастацкай самадзейнасці, так і гасцям свята, каторыя жадалі спяваць ці танчыць.

Ад імя кіраўніцтва КСУП «Дзяржынскі-агра» і Ровенскаслабодскага сельскага Савета ён яшчэ раз падзякаваў былым працоўным маякам за іх вялізна-асабісты ўнёсак у справу ўмацавання мясцовага калектыўна-вытворчага жыцця.

Усе госці прынялі запрашэнне да «салодкага стала», каб не толькі пачаставацца, але і працягнуць гаворку аб мінулым і сённяшнім.

На развітанне як ні кожны з гасцей свята дзякаваў за запрашэнне, выказваў надзею на сустрэчу праз год.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity