У навучальных установах Рэчыцкага раёна. Зімовыя забавы
Источник: Dneprovec.by Фото: прадастаўлена аўтарам
Вось нарэшце і наступіла сапраўдная зіма. З марозчыкам, мяккім бялюткім снегам, іскрыстым інеем, які ахінуў усе дрэвы і кусты. За адну ноч усё наваколле ператварылася ў зімовую казку. Колькі радасці і захаплення выклікае ў дзяцей снег! Так і хочацца прабегчы на лыжах, пакатацца на каньках або з’ехаць на санках з горкі.

У мінулую суботу ў Салтаноўскай сярэдняй школе прайшло сапраўднае зімовае свята «Каб моцным і здаровым быць, зімовы спорт трэба любіць!», у якім прынялі ўдзел не толькі школьнікі, але і выпускнікі. У нашай школе ёсць цудоўная лыжная база: сорак пар новенькіх лыж разам з бацінкамі. У гэты дзень яны выдаваліся ўсім жадаючым. А настаўнік фізкультуры Леанід Міхайловіч Сівадзед не толькі выдаваў спартыўны інвентар, але і сваім прыкладам заахвочваў усіх прысутных прынять удзел у лыжных спаборніцтвах.


Блішчыць роўна пракладзеная лыжня. Тут шумна і весела. Дзеці, усе ружовашчокія, радасныя, аб’язджаюць круг за кругам, паказваючы спрыт і свае здольнасці. У такі цудоўны дзень ніякі вірус не страшны!

Усе стараліся, і цяжка было вызначыць лепшых. Але ж сярод першых на лыжні былі названы Назар Поляк, Аляксандра Падаляка, Яраслаў Сапега і многія іншыя. Малодшыя школьнікі не адставалі ад старэйшых: дружна каталіся на санках з горкі. А пасля спаборніцтваў дзеці залілі пад вокнамі школы каток, каб пасля заняткаў гуляць у хакей і катацца на каньках.
Я таксама не ўтрымалася – праехала некалькі кругоў на лыжах і атрымала вялікую асалоду!
