Культура > Образование

1824

Таленты зямлі Рэчыцкай. Ян Палівач. Тройчы першы

 +

Надзвычай цяжкім выдаўся мінулы 2020 год, бо каранавірус падкінуў непрыемнасцей-гора не шкадуючы. Але на тое мы і людзі, каб не скарыцца няўзгодам, а ўпарта ісці ўперад, жыць, тварыць, перамагаць!

 

На дзіва шчодрым на перамогі выдаўся ўсё той жа 2020 год для навучэнцаў Ліскаўскай сярэдняй школы. Спяшаемся ў чарговы раз парадаваць чытачоў «Дняпроўца» яшчэ адным поспехам выпускніка-2020 – Яна Палівача. Спачатку ліскаўскі хлопец стаў пераможцам раённага этапу рэспубліканскага інтэрнэт-конкурсу «Зямля пад белымі крыламі» ў намінацыі «Проза» (дыплом I ступені) з расказам «Матулін цягнік», заснаваным на рэальных падзеях. Затым «Матулін цягнік» шпарка здабыў перамогу ў абласным этапе гэтага ж конкурсу. Але на гэтым упарты цягнічок не спыніўся, а на ўсіх парах паімчаў удзельнічаць у адпаведным рэспубліканскім конкурсе. І вось напрыканцы 2020 года «Матулін цягнік» вярнуўся з Мінску ў родныя Ліскі з дыпломам I ступені пераможцы рэспубліканскага інтэрнэт-конкурсу літаратурных работ «Зямля пад белымі крыламі», прысвечанага 90-годдзю Уладзіміра Караткевіча ў намінацыі «Лепшы празаічны твор»! Першыя ў Беларусі!

Яркая, бліскучая перамога Яна Палівача і яго кіраўніка: педагога-сябра-натхняльніка Святланы Рыгораўны Палівач. Шматгадовы творчы тандэм маці і сына не стамляецца радаваць і ўслаўляць сваю родную вёску Ліскі на раённым-абласным-рэспубліканскім узроўнях!

Матулін цягнік

Дзверы адчыняюць таму, хто стукае!..

Завуць мяне Янка. Мне 17 гадоў, і сёлета школьнае жыццё мусіць «узнагародзіць» мяне апошнім – развітальным і, спадзяюся, шчаслівым «штурхялём»! Пачнецца дарослае жыццё!.. Вельмі хочацца, каб жыццёвы шлях быў цікавым, напоўненым неверагоднымі гісторыямі-падзеямі-прыгодамі!.. Накшталт той, што адбылася ў нашай вёсцы Ліскі год каля трох таму.

Дарэчы, вёска наша размешчана ў вельмі прыгожым месцы: лясы «абдымаюць» з аднаго боку, рэчка Ведрыч поіць-купае – з другога! А буслоў і белых чапляў улетку – не злічыць! Зямля пад белымі крыламі!.. І добрых працавітых людзей хапае таксама! Яшчэ адна агульная каштоўнасць – чыгунка! Вельмі зручна ажыццяўляць паездкі-вандроўкі жыхарам вёсак Ліскі і Крынкі (на процілеглым баку ад чыгункі). Да Гомеля – дзве гадзіны язды, да Калінкавіч – адна гадзіна, да Рэчыцы – паўгадзіны! Чым не прыгажосць!

Шматлікія паязды верай і праўдай служылі маім землякам многія гады! Але ж знайшоўся адзін «упарты» цягнічок, які…

Трэба сказаць, што мне пашчасціла жыць у цудоўнай, працавітай, творчай сям’і: маці – настаўніца, бацька – ляснік, а брат Інакенцій зараз служыць у арміі (войска МУС, г. Мінск), а тады ён быў студэнтам тэхнічнага ўніверсітэта (г. Гомель) і часта прыязджаў дамоў поездам. Ясная справа, што «упарты» цягнічок (адзін з галоўных герояў майго расказу) часцяком «радаваў» Кешу, «з рогатам» праносячы яго міма роднай вёскі!

І вось аднойчы, у адзін з халодных восеньскіх дзянькоў, мая матуля, няўрымслівая Святлана Рыгораўна, праходзячы курсавую падрыхтоўку ў Гомелі, вярталася дадому, у Ліскі, на нашым хуткім «упартым» цягнічку. А цягнічок гэты меў шматгадовую «звычку»: спыняцца ў Лісках, чакаючы сустрэчны цягнік, не адчыняючы дзвярэй!.. Стаянка ў Лісках не была прадугледжана!.. Цягнічок гэты (№ 7113) як хуткі спыняўся толькі ў гарадах і некаторых вёсках.

Кемлівая матуля, каб раней вярнуцца дадому, праехала родныя Ліскі, акінуўшы іх засмучаным позіркам, і пад кплівы «рагаток» (самі ведаеце каго) выйшла на наступным прыпынку (вёска Бабічы). Вось там, на вакзале, у час чакання зваротнага цягніка дадому і «атакавала» маю матулечку думка-ідэя-жаданне: «прымусіць» «упарты» поезд № 7113 спыніцца ў Лісках па-сапраўднаму! І паляцелі з-пад рук ад душы матуліны звароты-просьбы-запытанні ў розныя ўстановы чыгуначнага транспарту: Гомель – Мінск – яшчэ раз Мінск!

«Трэцім разам – добрым часам!» Гісторыя «ў пісьмах» пачалася восенню, а паспяховы фінал атрымала вясной! Матулі прыйшло пісьмо, у якім было сказана: «Уважаемая Светлана Григорьевна! Ваше обращение по вопросу организации стоянки поезда региональных линий экономкласса № 7113 Гомель–Калинковичи на станции Лиски рассмотрено Министерством транспорта и коммуникаций совместно с государственным объединением «Белорусская железная дорога». Информируем, что, начиная с 13 марта 2018 года, предусмотрена одноминутная стоянка указанного поезда на станции Лиски для посадки и высадки пассажиров».

А інакш і быць не магло! Па-першае, «не апусціць рукі» дапамаглі вясковая загартаванасць, настойлівасць і руплівасць. А па-другое, спрацавала падтрымка сям’і, аднавяскоўцаў! Жыхары Лісак і Крынак на ўра ўспрынялі рашэнне Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь!

Вялікі дзякуй мінчанам за праяўлены клопат аб лісянах-крынянах, аб нашых малых Радзімах!

Шчыра кажучы, у такі вынік мала хто верыў, але жаданне зрабіць добрую справу перамагло! Шчаслівая Святлана Рыгораўна з радасцю прымала віншаванні і словы падзякі ад землякоў!

А герой нашай гісторыі, цягнічок № 7113, стаў «любімчыкам» для сваіх удзячных пасажыраў. Ён з «задавальненнем» дапамагае землякам паспяваць своечасова наведваць медыцынскія ўстановы і вяртацца дамоў, студэнтам (і не толькі) на тры гадзіны раней прыязджаць з Гомеля ў Ліскі-Крынкі. Карацей кажучы, вяскоўцы эксплуатуюць нашага героя па поўнай праграме!

І мой брат Інакенцій, тэлефануючы з Гомеля, не без гонару ў голасе дакладваў: «Прыеду маміным поездам!..»

Вось такая цудоўная гісторыя адбылася на маёй малой Радзіме ў Год малой Радзімы!

Можа і мне наканаваныя на жыццёвым шляху сустрэчы з «упартымі цягнічкамі?» Ці змагу «адчыніць дзверы»? Я пастараюся, а «матулін цягнік» мне дапаможа! Абавязкова!..

Спадзяёмся, што апавяданне «Матулін цягнік» прыйшлося даспадобы!

Зараз Ян паспяхова вучыцца ў Гомелі на першым курсе БелДУТа (спецыяльнасць «Інжынер-энергетык»). Хлопец бліскуча здаў сесію, з асалодай пабываў у палоне зімовых вакацый і з энтузіязмам прыступіў да вучобы ў другім семестры!

Падчас вучобы студэнт Ян кожны тыдзень з радасным хваляваннем вяртаецца-прыязджае ў родныя Ліскі – дадому!

І ведаеце, якім цягніком?..

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity