Культура > Образование

1683

У навучальных установах Рэчыцкага раёна. Сувязь пакаленняў

 +

Вучні 4 «В» класа Рэчыцкай раённай гімназіі пад кіраўніцтвам класнага кіраўніка Таццяны Глыбоўскай на ўроку «Мая Радзіма Беларусь» напісалі звароты да герояў Вялікай Айчыннай вайны.

 

Подзвігі піянераў-герояў, абаронцаў Брэсцкай крэпасці, падпольшчыкаў, воінаў, якія прынеслі нам Перамогу над нямецка-фашысцкімі захопнікамі, – для ўсіх дзяцей прыклад самаадданай любові да сваёй Радзімы. Час не стаіць на месцы. Чым далей адыходзіць у мінулае подзвіг тых гадоў, тым вастрэй неабходнасць зберагчы гэтую памяць, перадаць традыцыі дзецям, унукам як жывую эстафету часу.

Сёння мы друкуем некалькі такіх пісем, што напісалі гімназісты.

Багдан Кахоўскі:

– Прывітанне, дарагі салдат! Я не ведаю твайго імя і вельмі шкадую, што пішу ліст, які ты не прачытаеш. Прайшло ўжо 77 гадоў з таго дня, як прагрымелі салюты ў пераможным 1945 годзе. Але памяць і боль у пакаленні тваіх нашчадкаў жывыя. Дзякуй табе за мірнае неба над галавай, за шчаслівае дзяцінства. Я ніколі не чуў, як выбухаюць снарады, не адчуваў голаду і холаду, не бачыў папялішчаў спаленых гарадоў і вёсак. І ўсё гэта дзякуючы тваёй мужнасці.

Валерыя Баравікова:

– Маё сэрца вельмі кранула гісторыя пра хлопчыка Марата Казея, якому на момант пачатка вайны было дванаццаць гадоў. Я звяртаюся да цябе, дарагі Марат, як да сапраўднага Героя Савецкага Саюза.

Дзякуй табе, дарагі Марат, за твой гераічны подзвіг. За тое, што ты зрабіў для чалавецтва і кожнага з нас. Наша цяперашнее і будучае пакаленні будуць вечна шанаваць твой подзвіг. Я нізка схіляю галаву перад табой за тое, што ты коштам свайго жыцця і сілаю веры ў перамогу абараніў Радзіму і падарыў нам шчаслівае дзяцінства. За тое, што мужна перанёс нечувалыя пакуты. Я захапляюся тваім бясстрашшам, мужнасцю, сілай і адвагай. Рана на сэрцах людзей аб вайне, аб загінуўшых героях ніколі не зажыве. Будзем помніць Вас вечна!

Аліса Камека:

– Добры дзень, дарагі ветэран. Хутка ўсе людзі ў нашай краіне будуць адзначаць свята – Дзень Перамогі. У гэты дзень са слязамі на вачах успамінаюць сваіх загінуўшых сяброў і сваякоў. Мае прадзеды таксама ўдзельнічалі ў баях за Перамогу. Мы памятаем Вас і ўсім сэрцам удзячны! Вы ваявалі за родных і блізкіх, за будучыню, за нас! Мне хочацца верыць, што ў нашай краіне ніколі не паўтарыцца ваеннае ліхалецце. Дзякую Вам за магчымасць жыць, вучыцца і радавацца кожнаму дню. Нізкі Вам паклон!

Анісся Даніловіч:

– Вітаю цябе, Герой Вялікай Айчыннай вайны. Я хачу выказаць сваю падзяку за тое, што жыву пад мірным небам і не баюся за сваё жыццё. Мне не зразумець усяго таго, што Вы перажылі ў час вайны. Я ганаруся сваімі продкамі, што ваявалі з вамі плячом к плячу, з вамі яны перамаглі ворага. Вы – пераможцы! Вы далі нам мірнае жыццё! Дзякуй за Перамогу!

Максім Гулай:

– Добры дзень, дарагі і паважаны ветэран Вялікай Айчыннай вайны. Немагчыма напісаць ліст аднаму ветэрану, таму што іх вельмі шмат. Шмат людзей, якія заслугоўваюць слоў падзякі, хто перажыў тыя страшныя дні вайны і верыў, што ўсё нездарма і перамога не за гарамі.

Дзякуй табе, Герой! За тое, што я жыву, што ўсё добра і над маёй галавой мірнае неба. Дзякуй за магчымасць вучыцца і бесклапотна адпачываць. Вы падарылі нам гэтае спакойнае і мірнае жыцццё. Дзякуй за вашы вялікія подзвігі, мужнасць і адвагу. Нам не патрэбна вайна. Мы хочам жыць у міры і дабраце, хадзіць па нашых родных вуліцах, любавацца квітнеючымі садамі, займацца любімымі справамі. Проста жыць і быць шчаслівымі.

 

Міхаіл Бучко:

– Герой Вялікай Айчыннай вайны, я ведаю твае подзвігі. Я хачу выказаць табе падзяку за тое, што ты не здаваўся, біўся і адстаяў мір у вайне супраць фашыстаў. Я ганаруся табой за тое, што ты ваяваў да апошняй гранаты, да апошняга патрона і не здаваўся ворагу. Нам не патрэбна вайна! Мы хочам мірна жыць, каб над намі было чыстае неба. І каб вайна больш ніколі не пачалася.

Кацярына Сергіенка:

– Добры дзень, шаноўны ветэран Вялікай Айчыннай вайны! Хачу выказаць падзяку Вам за тое, што я жыву пад мірным небам. Дзякуючы Вам, я атрымліваю адукацыю, бачу вакол сябе родных, блізкіх, сяброў. Дзякуй Вам за тое, што аддалі сваю маладосць за нас. Ваш подзвіг быў, ёсць і будзе бессмяротным. Нельга не захапляцца тым, што Вы для нас зрабілі, каб забяспечыць нам шчаслівую і светлую будучыню. Наша задача, як пакалення, якое жыве побач з вамі, зберагчы памяць пра Вас і перадаць сваім дзецям. Дзякуй за ўсё! Мы будзем вечна Вам удзячны.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity