У навучальных установах Рэчыцкага раёна. Беларускі тыдзень у Салтаноўскай школе
Источник: Dneprovec.by Фото: прадастаўлены аўтарам
З 17 па 21 лютага ў школе размаўлялі на мове Купалы, Коласа і Багдановіча. Тыдзень беларускай мовы традыцыйна праводзіцца масштабна: урокі роднай мовы, конкурс на лепшага знаўцу беларускай мовы, гульня-віктарына «Паўтараем, на роднай мове размаўляем», фальклорныя святы «Масленіца», «Смачна есці», выстава кніг, прысвечаная пісьменнікам-юбілярам. Мерапрыемствы выдаліся яркімі і цікавымі.

Паміж сабой вучні і настаўнікі дамовіліся хоць у гэтыя дні ў знак павагі да сваёй мовы размаўляць на мове беларускай. І гэта ў іх атрымалася. Спачатку з некаторымі перапынкамі, а затым усё больш і больш спрытна.
Падчас беларускага тыдня кожны навучэнец меў магчымасць праявіць сябе, рэалізаваць свае творчыя здольнасці і, галоўнае, павысіць свой узровень валодання беларускай мовай.
На ўрачыстым адкрыцці кожнаму была ўручана віншавальная паштоўка. Пераможцам інтэлектуальнага конкурса «Я ведаю» стала вучаніца 8 класа Аляксандра Кашыцкая. Свае артыстычныя здольнасці ў ролі вядучых свята «Масленіца» паказалі вучаніцы 5 класа Паліна Варабей, Ангелiна Казакевіч і Марыя Астапенка. Актыўнымі ўдзельнікамі ўсіх мерапрыемстваў былі Цімафей Голуб, Карына Браніцкая, Яўгенія Краўчанка, Карына Мурашка, Дзiяна Лагоўская. А якія цудоўныя беларускія стравы падрыхтавалі вучні і іх матулі да свята беларускай кухні: і каравай, і бабку, і наліснікі, і вярашчаку. 21 лютага ў Дзень роднай мовы прайшоў вусны часопіс «Не проста ў словы я гуляю, на роднай мове размаўляю». Усе гэтыя мерапрыемствы ладзіліся пад кіраўніцтвам настаўнікаў роднай мовы і літаратуры Ірыны Цой і Наталлі Мірановіч.
Тыдзень беларускай мовы – гэта магчымасць ўспомніць свае карані, уявіць традыцыйнае жыццё нашых продкаў, звярнуць увагу на пявучасць роднай мовы. І, быць можа, тыдзень, праведзены з мовай, перарасце ў месяцы і гады…



