Общество > Нам пишут

1537

Пішуць жыхары Рэчыцкага раёна. Цімурка і снегавік

 +

Зіма. Выпаў пушысты бялюткі снег. Аднойчы я паехаў праведаць маленькага ўнука. Мы сядзелі ва ўтульнай кватэры, размаўлялі, пілі чай. Раптам Цімурка, глянуўшы ў акно, закрычаў:

 

– Зірніце, а суседскі хлопчык Максімка з бацькам зляпілі снегавіка! – а потым звярнуўcя да мяне. – Дзед, а давай і мы зробім свайго снегавіка, яшчэ лепшага!

Я спачатку аднекваўся, але Цімурка настойліва цягнуў мяне за руку:

– Ну, дзед, ну, давай, згаджайся хутчэй.

Самі ведаеце, я вымушаны быў даць дабро. Тым больш што ўнук пачаў апранацца.

Мы выйшлі ў двор. Дзень стаяў прыгожы, вакол белым-бела. І мы ўзяліся за справу: пачалі ляпіць снегавіка. Цімурка вельмі старанна адносіўся да задумкі, хоць калі-нікалі ў мой бок ляцелі снежкі. Нарэшце праца была скончана, засталося разабрацца з тварам.

– Я сам! – заявіў унук і пабег да хаты за морквай і вугельчыкамі. З усмешкай я назіраў, як гэты маленькі чалавек старанна завіхаецца вакол снегавіка.

– Ну вось і атрымаўся снегавік, – пахваліўся Цімурка. – Самы прыгожы.

Я зірнуў на вынік: сапраўды, як жывы.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity