Общество > Нам пишут

887

Пішуць жыхары Рэчыцкага раёна. Вясна ідзе

 +

Старая жанчына сядзела каля вакна, якое выходзіла на вуліцу, і з зайздрасцю пазірала на дарогу. Там раз-пораз насіліся машыны, праходзілі людзі. Ёй усё было цікава, бо ногі ўжо ледзь соўкаліся. Гады ўжо не тыя, хвароба адолела. Ды і гаспадара даўно ўжо няма. Няма з кім у хаце словам перамовіцца.

 

Перад вакном на галінках вішні сядзела гаманлівая чародка шэрых вераб’ёў. Прыгрэўшыся на сонейку, яны чысцілі пер’е на крыльцах, чырыкаючы адно з адным свае птушыныя размовы. Вясна ўжо на падыходзе. Снег учарнеў, асунуўся, уздоўж дарогі беглі ручайкі.

Вясна прынясе новыя спадзяванні ў жыццё. Сэрца грэла думка: павінна прыехаць дачка з далёкага замежжа. Даўно ўжо не бачыліся. Успаміны хуткай хваляй паплылі, мяняючы адну падзею за другой. Вось яна вядзе сваю Ірышку ў школу. Вучылася добра, настаўнікі заўсёды яе хвалілі. Вывучылася, стала самастойнай.

Позірк старой спыніўся на вышыванай сурвэтцы. Гэта яе дачушка вышыла і падарыла на свята 8 Сакавіка. За шклом у буфеце стаялі святочныя малюнкі, дасланыя ўнукамі. Божа мілы, як даўно гэта было!

Раптам нехта пастукаў. Аксіння падышла і адчыніла дзверы. Гэта суседка забегла праведаць яе, прынесла гасцінчык. «Аб чым журышся, Аксінка? Вясна на двары пачынаецца. Будзем хутка сеяць расаду», – кажа жанчына. «Мелася прыехаць дачка ў адведкі», – прамовіла яна.

Праз некалькі дзён прыйшло Свята жанчын. Да старой Аксінні завіталі з падарункамі яе былыя калегі. Жанчыны доўга сядзелі за сталом, пілі гарбату, расказвалі навіны, гаварылі пра сваіх дзяцей. А маці была шчаслівая, яе не забылі. У вачах свяцілася спадзяванне хуткай сустрэчы з роднай крывінкай.

У акно свяціла яркае сонца, у сінім небе лёталі птушкі, спяваючы вясновыя песні. Вясна ідзе. Яна спраўдзіць спадзяванні жанчыны, прынясе абнаўленне яе душы.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity