Общество > Нам пишут

1504

Пішуць жыхары Рэчыцкага раёна. Казка пра двух вераб’ёў

 +

У адной вёсцы жылі калісьці два браты-вераб’і. Добра жылі, дружна. Але аднаму з іх захацелася лепшай долі, і ён вырашыў пашукаць яе ў горадзе. Не стаў адкладваць справу ў доўгую скрыню: сабраў сякія-такія рэчы і паляцеў…

 

Праз некаторы час запрашае ён свайго вясковага брата ў госці. Той адгукнуўся. І вось сядзяць яны пад страхой мураванага дома: холадна, ды і голад стаў данімаць. Гарадскі верабей і кажа: «Паляцелі, брат, падкормімся. Я тут ведаю адно ўраджайнае месца: шмат усякай смакаты». Прыляцелі яны да смеццевых кантэйнераў, але адтуль іх хутка прагналі ўкормленыя і злосныя вароны.

– Нічога, я ведаю яшчэ адно хлебнае месца, – кажа гарадскі верабей.

Яны паляцелі далей, але і там ім не пашанцавала: каля кантэйнераў ужо гаспадарылі каты.

Ні з чым вярнуліся яны пад страху. Сядзяць, дрыжаць ад холаду, ды і есці яшчэ болей хочацца. Тут не вытрымаў вясковы верабей:

– А ведаеш, брат, паляцелі ў вёску. У мяне ёсць утульная, цёплая кватэра, заадно і паабедаем.

 Прыляцелі яны, селі на галінку дрэва.

– Вось гэта мая кватэра, – кажа верабей, паказваючы на шпакоўню. – З пачатку восені да пачатку вясны арандую яе ў шпакоў, а ў цёплы час мне і пад страхой нядрэнна.

Заляцелі яны ўнутр. Цёпла, камфортна, але ж вельмі хочацца замарыць чарвячка. І гарадскі верабей прапанаваў пашукаць паблізу ежу.

– Сядзі сабе і чакай. Нас паклічуць, – адказаў вясковы верабей.

Тут з хаты на ганак выйшла жанчына з міскай. «Цып, цып, цып», – паклікала яна.

– Ну, вось, нас клічуць, – сказаў «мясцовы» верабей.

Жанчына карміла курэй. Убачыўшы верабейкаў, яна кінула ім добрую жменю зерня з хлебнымі крошкамі.

Уволю наеліся браты, забраліся ў шпакоўню і салодка заснулі. Раніцай зноў выйшла гаспадыня, і вераб’і смачна паснедалі.

– Добра ты ўладкаваўся, – сказаў гарадскі верабей. – Мне б так.

– А ты заставайся. Будзем жыць разам, месца хопіць. Ну як, згодны?

– Згодны, – узрадаваўся госць.

І сталі яны, як і раней, жыць разам, дружна. Мусіць, і зараз жывуць.

Нездарма ж людзі кажуць: добра там, дзе нас няма. А яшчэ яны кажуць, што ў роднай хаце нават сцены дапамагаюць. І ў гэтых словах няма нічога дзівоснага.

Генадзь СУКАЧОЎ, в. Якімаўка

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity