Общество > Нам пишут

2544

Пішуць жыхары Рэчыцкага раёна. Падарожжа па вёсцы Гарошкаў

 +

Хто любіць падарожжы, далучайцеся да мяне! Сёння мы наведаем вёску Гарошкаў. Чым яна незвычайная, чаму так названа? Аб гэтым мы і даведаемся. Ну што ж, паехалі! З Рэчыцы ходзяць у вёску маршрутка і аўтобус нумар 2.

 

З гісторыі

Археолагі знайшлі ў вёсцы гарадзішча IV–I стагоддзяў да нашай эры, а каля яго – магільнік мілаградскай культуры, што сведчыць аб засяленні гэтага месца з даўніх часоў.

Па пісьмовых крыніцах, Гарошкаў вядомы з XVIII стагоддзя як пасяленне ў Рэчыцкім павеце Мінскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 г.) – у складзе Расійскай імперыі. У 1811 г. уваходзіць ва ўладанне Шышкавых. У 1879-м абазначана ў Заспенскім царкоўным прыходзе.

Паводле перапісу ў 1897 г. тут дзейнічала хлеба-запасная крама. У 1908 г. Гарошкаў уваходзіць у Заспенскую воласць Рэчыцкага павета Мінскай губерніі. З 8 снежня 1926 г. да 30 снежня 1927 г. – цэнтр Гарошкаўскага сельсавета Хойніцкага раёна, а з 9 чэрвеня 1927 г. – Рэчыцкага раёна Гомельскай акругі. У 1930 г. быў арганізаваны калгас, створана бібліятэка.

Паглядзім на дынаміку росту насельніцтва. У 1850 г. – 37 двароў (231 жыхар), 1959 г. – 518 жыхароў, 2004 г. – 185 двароў (464 жыхары).

У 1962 г. да вёскі далучаны пасёлак Чырвоны Бор.

Вёска сёння

Вёска размешчана ў 11 кіламетрах на поўдзень ад раённага цэнтра і чыгуначнай станцыі Рэчыца (па лініі Гомель – Калінкавічы), да Гомеля ад яе – 61 кіламетр.

На ўсходзе вёскі праходзяць меліяратыўныя каналы, якія злучаюцца з ракой Днепр. Побач знаходзіцца аўтадарога Калінкавічы – Гомель і Лоеў – Рэчыца.

Вуліца вёскі доўгая, крывалінейная, мае працягласць 3,7 кіламетра. Забудавана з двух бакоў драўлянымі і цаглянымі хатамі. На электрычных слупах мы заўважаем некалькі бусліных гнёздаў.

Многія жыхары з любоўю даглядаюць сваё жытло, садзяць туі, робяць кветнікі каля хат. Зараз крамы ў вёсцы няма. Адзін раз у тыдзень прыязджае аўталаўка. Жыхары наведваюць Бронненскі магазін.

У цэнтры вёскі на ўзвышшы размешчана брацкая магіла, дзе 25 савецкіх воінаў знайшлі свой спачын. Яны вызвалялі ў час Вялікай Айчыннай вайны вёскі Гарошкаў, Велін, Адамаўка, Сцяпанаўка, Май і загінулі. 81 жыхар Гарошкава не вярнуўся з вайны.

Чаму такая назва?

Існуе некалькі версій. Першая: магчыма, ад слова гаршок, ганчарная вытворчасць, рабілі гаршкі (з тапанімікі Рэчыцкага раёна). Другая: паходзіць ад назоўніка гарох. Трэцяя: гарох – старажытнае мірское імя. Роднасныя прозвішчы: Гарошкаў, Гарошкін, Гарохаўскі. З XVI ст. дакуменціравана прозвішча Гарохаў.

Пры Пятры I у Пецярбурзе служыў іншаземец Гаррах, патомкі якога сталі Гарохавы, роднасныя прозвішчу Гарошкаў.

Людзі

Аснову вёскі складаюць працавітыя і таленавітыя людзі. Напрыклад, жыў тут Мікалай Анатольевіч Лазянік, рабочы геафізічнай экспедыцыі. У 1963 годзе яму было прысвоена званне ўдарніка камуністычнай працы. Добра працуюць яго сын Віктар, унукі Вадзім і Максім. Стараннай працай славяцца гарошкаўцы.

Вядомым жыхаром вёскі з’яўляецца Анатоль Ціханавіч Сыс, паэт. Ён пражыў толькі 45 гадоў. Пахаваны ў роднай вёсцы. Яго вершы вылучаюцца цеплынёй і вобразнасцю.

…Ну вось, час вяртацца дамоў. Вакол свеціць яркае сонца. Спяваюць птушкі. Я рада, што мы наведалі вёску Гарошкаў. Было цікава!

Хачу пажадаць усім людзям, каб у вольны час хаця б крыху цікавіліся сваімі роднымі мясцінамі, знаходзілі незвычайнае ў звычайным жыцці.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity