Общество > Нам пишут

2121

Пішуць жыхары Рэчыцкага раёна. 5 мая – дзень друку. Журналісцкія замалёўкі

 +

«Дом – праца – дом». Хто з нас у пэўныя перыяды жыцця не трапляў у гэта кола? У мяне ж да названых паняццяў далучаецца яшчэ і трэцяе: дарога, якая адбірае час і сілы. Але забіраючы адно, яна дорыць іншае: новыя сустрэчы, кароткія, але запамінальныя размовы і нават сюжэты для журналісцкіх замалёвак.

 

Гарантыя спакою

Бывае, іншы раз падыходжу да стэнда з аб’явамі «Куплю – прадаю», «Здымаю – здаю», «Патрабуецца»… У лаканічных радках – імгненні жыцця райцэнтра, надзённыя клопаты яго жыхароў. Здаецца, ну што асаблівага ў стандартных выразах і словах? «Здыму кватэру, парадак і своечасовую аплату гарантую», – так пішуць усе, хто мае патрэбу ў жылплошчы. Аднойчы ў вочы кінулася аб’ява і… запомнілася. Да звыклага «парадак і аплату гарантую» было дададзена: «Спіртнога не ўжываю. Астатняя інфармацыя – па тэлефоне». Міжволі ўсміхнешся і падумаеш: непітушчы чалавек у нашы дні – сам па сабе гарантыя прыстойнасці і спакою. У дадзеным выпадку для таго, хто здае яму жыллё.

Вяскоўцы і гараджане

Раніца. Прыпынак. Чакаю аўтобуса, слухаю немудрагелісты маналог знаёмай вясковай жанчыны. Яна дзеліцца сваімі штодзённымі бясконцымі клопатамі па гаспадарцы, расказвае пра гарадскую суседку – дачніцу, чый сельскагаспадарчы сезон заўсёды заканчваецца позняй восенню. Наступаюць халады, і гарадская кватэра з усімі выгодамі больш прывабная, чым самае свежае вясковае паветра. Кажу ёй: «Пратапі ў хаце ды сядзі ў цяпле. Навошта табе той горад з выгодамі? А то завядзі курэй, свінку, глядзіш, і дзецям падмацунак будзе…»

Слухаю і лаўлю сябе на думцы: якія яны ўсё ж розныя – вяскоўцы і гараджане (у тым ліку і тыя, што адарваліся ад зямлі і «не прыраслі» да гарадскога асфальту). Першыя не могуць без працы і зямлі, а другія на падобныя подзвігі не гатовы. Ды і сапраўды, лепшы варыянт: зімаваць у цёплай кватэры, а калі прыйдзе сапраўднае цяпло, з энтузіязмам на дачу.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity