Общество > Нам пишут

2562

Пішуць жыхары Рэчыцкага раёна. Расце дастойная змена

 +

Жанчына прачнулася ад ласкавага сонечнага праменьчыка, які дакрануўся да твару. Зірнула на насценны каляндар. Сёння незвычайны дзень: 22 чэрвеня – Дзень Памяці, журбы па ўсіх загінуўшых у час Вялікай Айчыннай вайны.

 

Гэтая вайна знішчыла многія вёскі, дакранулася да жыцця кожнай сям’і. Паўсюль на Беларусі ўзвышаюцца помнікі змагарам сваёй Айчыны.

Бабка Ганна, так звалі жанчыну, не бачыла вайны, але па ўспамінах маці ведае, як фашысты здзекваліся з вяскоўцаў, займалі хаты, а іх, жыхароў, выганялі на вуліцу. Людзі вымушаны былі жыць у хлявах, зямлянках. Расстрэльвалі цэлыя сем’і.

Бабуля выйшла з хаты і села на лавачку, назіраючы за дзецьмі, якія весела бегалі, галёкалі на ўсю вуліцу. Яны шчаслівыя, што не бачылі гора і ваеннага ліхалецця, могуць здзяйсняць свае мары.

Да яе падбегла дзятва і засыпала пытаннямі. Чаму сядзіць зажураная, а на вачах блішчаць слязінкі? Папрасілі расказаць што-небудзь цікавае. Ганна паглядзела на дзяцей і пачала дзяліцца ўспамінамі сваёй маці.

Вось адзін выпадак. Гуляюць малыя каля хаты. Па вуліцы ідуць немцы, гергечуць штосьці на сваёй мове. Адзін з іх заўважыў чарнявага хлопчыка і закрычаў: «Юдэн!», наставіў аўтамат і стрэліў у ні ў чым невінаватае дзіця. Маці выскачыла з хаты і кінулася коршакам да фашыстаў. Яе тут жа напаткала варожая куля.

– Бабуля, а давай у гонар памяці нашых беларусаў пасадзім дрэўца, – прапанаваў Сяргейка.

Хлапчукі заварушыліся і сталі абмяркоўваць гэтую прапанову. Пад вечар у хату зайшлі старэйшыя падлеткі і паклікалі старую Ганну садзіць танклявую бярозку. Вырашылі пасадзіць дрэўца каля помніка воінам, які стаіць на ўзгорку каля дарогі.
«Няхай бярозка сваёй лістотай нашэптвае ім ўсе навіны вёскі, – сказаў Дзімка. – Вайна не павінна паўтарыцца!»

Бабуля радасна ўсміхнулася – расце дастойная змена.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity