Общество > Нам пишут

2963

Дзе знайсці талент?

 +

Вучні сярэдняй школы № 4, удзельнікі гуртка «Юны журналіст», вырашылі ўзяць інтэрв’ю. Дзе ж знайсці цікавую асобу? Вядома, у сценах роднай школы!

Вучаніца 10 класа Ганна Жукава не толькі выдатніца і прыгажуня, але і таленавіты чалавек. Толькі за апошні навучальны год яна прыняла ўдзел у конкурсах творчых работ «Сям’я – аснова кахання і шчасця», «Лепшае кароткае апавяданне», «Апавяданне пра малую радзіму», прадставіла даследчую работу «У пошуках ісціны», заняла першае месца ў абласным літаратурна-музычным конкурсе «Галасы малой радзімы», з’яўляецца дыпламантам абласных інтэрнэт-віктарын па жыцці і творчасці І. П. Мележа і І. П. Шамякіна. Акрамя гэтага, яна пераможца раённай і абласной алімпіяд па беларускай мове і літаратуры.

– Як я ўсё паспяваю? – адказвае на пытанне інтэрв’ю Ганна. – Па-першае, трэба правільна размеркаваць свой час, знайсці месца і для працы, і для адпачынку. У вольны час я займаюся валейболам. Скончыла школу мастацтваў, але не страціла з ёй сувязі: кожны год дапамагаю ў арганізацыі іх выніковых канцэртаў.

– Ці складана выдзяляць час яшчэ і на творчую дзейнасць? – цікавяцца вучні.

– Не трэба падзяляць навучанне і творчасць, – адразу знаходзіцца з адказам Ганна. – Зусім не складана, калі да справы ляжыць душа, калі справа па сэрцы. Тым больш, што асобай, якая натхняе мяне на творчыя здзяйсненні, з’яўляецца мая настаўніца беларускай мовы і літаратуры.

– Ганну я заўважыла яшчэ ў 5 класе, калі яна праявіла здольнасці да вывучэння майго прадмета, – працягвае гутарку Алена Міхайлаўна Барадзіна, настаўнік вышэйшай катэгорыі, якая шмат гадоў рыхтуе пераможцаў разнастайных конкурсаў. – Мне толькі трэба было накіраваць яе і дапамагчы, тым больш да любой справы яна падыходзіць творча і з адказнасцю. Мы з ёю супалі сэрцамі… Ганна – таленавітая дзяўчына, у якой усё наперадзе.

Юныя журналісты з павагай і захапленнем глядзяць на прыгажуню-дзесяцікласніцу. У памяці ўсплываюць радкі з рамана Івана Мележа: «Як тая рабіна, цвіла ў гэтае лета Ганна».

Іх пытанне, дзе знайсці талент, само сабой вырашаецца…

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity