Общество > Нам пишут

2736

Пішуць жыхары Рэчыцкага раёна. У чым тваё багацце?

 +

Быў пагодлівы восеньскі дзень. Маленькая Волечка запрасіла сваю бабулю прагуляцца па парку. Залатая пара заканчваецца, а хочацца прайсціся сцежкамі стракатай восені-мастачкі. Бабуля дала згоду.

 

Сонейка сваімі промнямі асвятляла залатыя верхавіны дрэў. Некаторыя дрэвы, бы артысты, стаялі ў чырвоным уборы, а вечназялёныя елкі, туі на Алеі Герояў захоўвалі ўрачысты спакой. Дзяўчынка збірала ў букет прыгожа афарбаваныя лісточкі, напяваючы сама сабе, а бабуля прысела на лаўку адпачыць, назіраючы за ўнучкай. Невялікі ветрык-гарэза пагульваў з лісцем па дарожцы. Раптам Волечка падбегла да жанчыны са слязамі на вачах:

– Бабуля, я згубіла сваё багацце!

– Што ты, не плач, галубка! – старая, супакойваючы, прытуліла дзяўчынку да сябе. Волечка прамовіла скрозь слёзы:

– Згубіла грошыкі, якія на пачастункі мне тата даў.

– Не хвалюйся, дзетка. Нічога страшнага не адбылося. У мяне ёсць, і мы сходзім у кавярню папіць гарбаты. Не такое гэта і багацце.

Дзяўчынка спытала:

– А ў чым тваё багацце?

Бабуля задумалася на хвіліну:

– Хм, у чым маё багацце? – спытала сябе і мовіла: – У здароўі. Будзеш здаровы – будзе ўсё. У добрых людзях, якія акружаюць мяне. У дзецях і ўнуках. Вось прыйшоў унучак да мяне ў госці, расказаў вершык і павесяліў мяне. А ты мне песенькі спяваеш. У прыродзе – у ёй адпачывае душа. Вось ад гэтага багацее чалавек. Так і ты, унучачка, маеш куды большае багацце, чым тыя грошыкі. Ёсць у цябе бацькі, якія любяць цябе. Сяброўкі, з якімі ты сустракаешся, пазнаеш нешта новае. Расцеш, і сэрца напаўняецца радасцю, дабрынёй. Потым будзеш дзяліцца з другімі людзьмі.

Дзяўчынка супакоілася і з усмешкай дабавіла:

– Значыць, я вельмі багатая. Маё багацце ў маёй душы. Вялікі дзякуй, бабуля, за добрыя словы.

З прагулкі дзяўчынка прынесла восеньскі букет і падарыла маці, а ў душы назаўсёды захавалася размова з бабуляй.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity