Пішуць жыхары Рэчыцкага раёна. Ларыса Кечка – Берагіня з Васілевічаў
Источник: Dneprovec.by Фото: прадастаўлена аутарам
Хацелася б расказаці вам пра сваю зямлячку. Гэтую жанчыну – спакойную, ураўнаважаную, крыху сарамлівую – ведаюць амаль усе жыхары нашага невялікага гарадка.
Усё свае жыццё з маленства і да сталага ўзросту Ларыса Яраславаўна Кечка аддае сваім землякам і родным людзям, сястры і племянніцы.
Яна тонкі псіхолаг, хоць і не мае такой адукацыі. У яе хапае цярпення выслухаць любога: ад малога да дарослага, даць такую параду, якая патрэбна чалавеку ў дадзены момант.
Хтосьці сказаў: «У прафесіі трэба нарадзіцца». Гэтыя словы пра маю зямлячку. Больш за дваццаць гадоў яна працуе бібліятэкарам у дзіцячых установах. Зараз на пасадзе бібліятэкара яна адкрывае цудоўны свет кніг для навучэнцаў Васілевіцкай сярэдняй школы.
Я ўдзячна лёсу, што ён звёў мяне з Ларысай Яраславаўнай. Яна вельмі цікавы суразмоўца. Яе жыццёваму вопыту і разважлівасці можна пазайздросціць. Да яе за парадай і зараз звяртаюцца былыя выпускнікі Васілевіцкай школы-інтэрната.
А яшчэ яна актыўны памочнік старшыні Савета ветэранаў нашага горада Валянціны Аляксандраўны Сяргеевай. Ларыса Яраславаўна займаецца ўстанаўленнем храналогіі развіцця Васілевічаў і збірае дадзеныя пра ўдзел жыхароў горада ў вызваленні нашай Радзімы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Акрамя працы ў бібліятэцы, яна з'яўляецца захавальніцай і экскурсаводам «Музея баявой славы», разам з дзецьмі даглядае воінскія захараненні. Яна не толькі зберагае памяць аб мінулым, але вучыць падрастаючае пакаленне шчыра любіць нашу родную Беларусь.
Калі вы завітаеце ў наш горад, пазнаёмцеся з гэтым цудоўным чалавекам. Паважаная Ларыса Яраславаўна і яе памочнікі з задавальненнем правядуць для вас экскурсію, шмат раскажуць аб мужнасці нашых землякоў і аб іх шчырай веры ў лепшую будучыню.