Общество

2879

Дзякуюць рэчычане. Вось такі ўчынак!..

 +

…Калі наладзяцца выхадныя дні, дык як бы само сабою цягне ў вёску, каб папрацаваць, так бы мовіць, на фазэндзе.

 

З Марыяй Аляксееўнай, жонкай, у шэсць гадзін раніцы мы ўжо бавілі час на прыпынку «Пасёлак Ільіча». Даведаліся: аўтобус № 6 першым рэйсам на аўтавакзал будзе ісці не ў 6.20, як разлічвалі, а ў 7 гадзін. Такім чынам, нашы ранейшыя планы, скіраваныя патрапіць на ранішні рэйс Рэчыца – Перавалока, зрываліся.

Садзімся на рэчыцка-маршрутны аўтобус № 4. Цікавімся ў кандуктара: калі патрапім на аўтавакзал? Аказваецца, што ў 6.50. І гэта ў той час, як аўтобус у бок Перавалокі выправіцца на пяць хвілін раней. Словам, было ад чаго засмуціцца. Кандуктарка ж,
убачыўшы наш сапсаваны настрой, пацікавілася: «Што здарылася? Чым магу дапамагчы?»

Пасля нашага тлумачэння спагадлівая жанчына набрала нумар тэлефона і, звязаўшыся з аўтавакзалам, паведаміла пра нашу бяду. Папрасіла, каб аўтобус на Перавалоку крыху ды затрымаўся. Вось і атрымалася, што мы без аніякіх прыгод і далейшых хваляванняў дабраліся ў сваю Ровенскую Слабаду, каб пашчыраваць на прыватных сотках, асабліва на праполцы клубніц.

Справа спорылася пры развагах аб тым, што адбылося з намі раніцай. На жаль, мы з жонкай не ведаем прозвішча кандуктаркі, якая гэтак паспрыяла нам патрапіць на аўтобус Рэчыца – Перавалока. Затое ведаем яе імя і імя па бацьку: Кацярына Усцінаўна. Яе добры ўчынак, хочацца спадзявацца, не застанецца па-за ўвагай кіраўніцтва рэчыцкага аўтобуснага парка.

…У наш мітуслівы час нярэдка думаем хіба што пра сябе. І добра, калі ёсць людзі, якім чужое бы сваё. Такая і Кацярына Усцінаўна. Вялікі ёй дзякуй і нізкі паклон!

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity