Культура > Образование

1833

Пішуць жыхары Рэчыцкага раёна. «Прыйшла Каляда да нашага двара!»

 +

Напярэдадні святкавання старога Новага года ў беларускія гарады і вёскі не забывае завітаць яшчэ адно народнае свята – Каляды.

 

І хоць каранавірус унёс свае сумныя карэктывы ў нашу сучаснасць, іскрынкі беларускага нацыянальнага свята «абпалілі», захапілі-закалядавалі. Няхай пад маскаю, але ўварваліся Калядкі і ў нашу родную вёсачку Ліскі!

Забаўляльна-пазнавальная праграма «Калядкі ў беларускай хатцы» радаснай віхурай пранеслася па Ліскаўскай сярэдняй школе і прыпынілася ў прыгожай вясковай хаце (кабінет беларускай мовы і літаратуры), старанна аздобленай атрыбутамі сялянскага побыту: рушнікамі, вышыванкамі, гліняным і драўляным посудам, калаўротам, лаўкай, беларускім нацыянальным адзеннем, калыскай.

На сталах зацікаўленых удзельнікаў свята, вучняў і настаўнікаў чакалі салодкія пачастункі. Але галоўнае – гэта выступленне самадзейных артыстаў, якія парадавалі прыпеўкамі, забаўлялкамі, гумарэскамі. Былі тут дзед і баба, цыган з мядзведзем, цыганка, казёл і, канешне ж, калядоўшчыкі.

Усе прысутныя атрымалі радасць і асалоду ад убачанага. Вялікі дзякуй арганізатару свята Аксане Дашук і самадзейным артыстам: Ягору Грыбу, Ганне Купрэйчык, Настассі Панчанка, Аксане Патапчык і іншым! Падараванае свята пасадзейнічала яшчэ большай зацікаўленасці ў вывучэнні беларускай нацыянальнай культуры, народных традыцый і свят.

«На новае лета хай родзіцца жыта!» А жыта – ад слова «жыць». Значыць, трэба пастарацца пера-адолець усе няўзгоды, каб жыць, радавацца і святкаваць!

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity