Культура > Образование

4020

Пішуць жыхары Рэчыцкага раёна. Слова аб настаўнiку

 +

Існуе меркаванне, што прафесія настаўніка – ад Бога, а ўсе іншыя прафесіі – ад настаўніка. Толькі чалавек з асаблівым талентам, мудрасцю і цярпеннем можа ўзяць на сябе адказнасць за выхаванне новага пакалення.

 

Такім чалавекам, безумоўна, з’яўляецца былы настаўнік гісторыі Васілевіцкай сярэдняй школы, а зараз пенсіянер Уладзімір Канстанцінавіч Сулімскі.

Нехта з вядомых людзей вобразна сказаў, што вучань – гэта не пасудзіна, якую трэба напоўніць, а свяцільнік, які трэба запаліць. Колькі такіх свяцільнікаў запаліў за сваю педагагічную працу Уладзімір Канстанцінавіч, і пералічыць немагчыма!

«Шчаслівы той чалавек, на жыццёвым шляху якога сустрэўся сапраўдны настаўнік! Для мяне гэта Уладзімір Канстанцінавіч Сулімскі. Дзякуючы яму, я вызначылася з будучай прафесіяй», – шчыра прызналася Наталля Аляксандраўна Белая, былая вучаніца Уладзіміра Канстанцінавіча, а цяпер настаўніца гісторыі Васілевіцкай сярэдняй школы.

Так, многім сваім вучням Уладзімір Канстанцінавіч даў пуцёўку ў жыццё, перадаўшы свае веды, жыццёвы вопыт, эрудыцыю. Як настаўнік ён вельмі любіў свой прадмет, у яго быў нейкі асаблівы душэўны падыход да вучня, які ўдала спалучаўся з неабходнай у прафесіі патрабавальнасцю.

Уладзімір Канстанцінавіч вельмі рэдка на ўроку павышаў голас, у гэтым не было неабходнасці, яго слухалі заўсёды зацікаўлена. Былыя яго вучні ўспамінаюць, што калі ён рабіў камусьці заўвагу, то яна была з такім тонкім гумарам, што парушальнік супакойваўся і ніколі не крыўдзіўся на настаўніка.

Уладзімір Канстанцінавіч ніколі не спыняўся на дасягнутым, а заўсёды крочыў наперад з новымі ідэямі. Ён быў адным з пачынальнікаў стварэння пакоя Баявой Славы ў школе. У далёкім 1973 годзе Уладзімір Сулімскі стаў збіраць дакументы пра гісторыю пятнаццатай кавалерыйскай дывізіі, што вызваляла г. Васілевічы. Пры яго актыўным удзеле быў сабраны матэрыял, які стаў асобным раздзелам музейнага пакоя.

Яшчэ Уладзімір Канстанцінавіч займаўся фатаграфіяй, а ў той час
(70-я – 80-я гг. ХХ ст.) гэта быў цэлы працэс, і многія вучні з цікавасцю наведвалі фотагурток. Фотаархіў, які захаваўся ў школе, гэта таксама дзякуючы Уладзіміру Сулімскаму.

 

Напэўна, апавяданне пра гэтага цікавага чалавека будзе няпоўным, калі не сказаць нічога пра яго верную спадарожніцу, таксама таленавітую настаўніцу нашай школы Элію Ягораўну, якая выкладала фізіку. Яны заўсёды побач, так было і ў маладосці, так і зараз, і ў радасці і ў горы. Элія Ягораўна не абмяжоўвалася толькі сям’ёй. Яна як вопытны педагог заўсёды дапамагала і падтрымлівала як вучняў, так і маладых калег. Была гатова падзяліцца назапашаным вопытам.

Уладзімір Канстанцінавіч Сулімскі – гэта чалавек-эпоха, цікавы
субяседнік, у якога на ўсё ёcць свой уласны пункт погляду, які ён адстойвае і ярка аргументуе.

Паважаны Уладзімір Канстанцінавіч, прыміце цёплыя словы ўдзячнасці за сваю шматгадовую настаўніцкую працу, мудрасць, мужнасць, прафесіяналізм. Жадаем Вам і Вашай сям’і моцнага здароўя, аптымізму, бадзёрасці, здзяйснення ўсіх творчых задум.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity