Общество > Нам пишут

1066

Пішуць жыхары Рэчыцкага раёна. Навагоднія цуды

 +

Сядзіць Пятрок каля акна і сумна пазірае на вуліцу. Там раз-пораз праходзяць людзі. Нехта нясе елку. Яркія агеньчыкі мігатліва свецяць на слупах, нагадваючы ўсім – хутка Новы год.

 

Выходзіць хлопчыку нельга. Ён хварэе. Прыйшла думка, якія падарункі падрыхтаваць сваім родным. Неўзабаве выспела рашэнне. Трэба напісаць ліст Дзеду Марозу. Ён жа чараўнік! Можа выканаць любое жаданне. Так некалі бабуля казала.

Хутка ліст быў напісаны. Хлопчык апрануўся і пайшоў у парк, дзе раслі елкі. Вось там, на адной з іх, ён павесіць свой ліст. У гэты час па парку праходзілі Ігарок з татам, размаўляючы пра надыходзячае свята. Раптам каля елачкі, якая нібы выйшла сустракаць іх, заўважылі хлопчыка.

– Тата, гэта ж Пятрок з суседняга пад’езда! – усклікнуў Ігарок.

Малы вешаў на пухнатую галіну елкі сваё пасланне і ціха шаптаў:

– Ты, елачка, пабудзь паштальёнам, перадай Дзеду Марозу маю просьбу. Я буду чакаць, – пры гэтым павесіў на зялёную лапку ружовы шар. – Будзь прыгожай! – і хуценька пабег дамоў.

Ігарок з татам падышлі да лясной прыгажуні, убачылі ліст Дзеду Марозу. У хлопчыка ўзнікла ідэя дапамагчы Петрыку ў ажыццяўленні яго мары.

– Тата, а давай ты будзеш Дзедам Марозам, а я маладым Новым годам. Павіншуем Петрыка!

– Згодзен, сын, добрая задума.

Дома закіпела работа. Рыхтавалі касцюмы, дапамагала і маці ў гэтай справе. Ігарок сабраў машынкі, з якімі даўно ўжо не гуляў, у падарунак хлопчыку. Накупілі розных прысмакаў.

Праз два дні тата з сынам падышлі да кватэры Петрыка. Націснулі на кнопку званка, і дзверы адчыніліся. Пятрок не паверыў сваім вачам – перад ім стаялі сапраўдны Дзед Мароз і Новы год. Яго ліст Дзядуля Мароз атрымаў! Гэта здорава! Госці ўручылі пакунак з падарункамі і пажадалі святочнага настрою, здароўя ўсёй сям’і.

Увечары сядзеў Пятрок у пакоі і разглядваў машынкі. Цэлы аўтапоезд атрымаўся. У акно зазіраў яркі месяц. На шыбах зіхацелі сняжынкі, марозныя ўзоры. Яны радаваліся разам з Петрыкам навагоднім дзівосам.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity