Людзі зямлі Рэчыцкай. Аляксандр Шчэрбін: клопаты кожнага дня
Фото: аўтара
Калі-нікалі здараецца так: толькі пазнаёмішся з чалавекам і адразу адчуваеш глыбокую павагу да яго. Першы раз падпалкоўніка запасу Аляксандра Шчэрбіна я ўбачыў у Рэчыцкім райваенкамаце. Аляксандр Іванавіч гутарыў з ветэранам, які звярнуўся за парадай і дапамогай. Справа была ў тым, што ў чалавека, па ўсім відаць заслужанага, з цягам часу вельмі пагоршылася здароўе. Трэба, па-першае, лячыцца, але дзе лепей, а па-другое, неабходна падрыхтаваць дакументы, каб прайсці перакамісію, бо ўжо нельга трываць ад болю ў нагах, ды і сэрца чымсьці падсілкаваць было б нядрэнна. Адным словам, шмат пытанняў, якія аднаму, без кампетэнтнай падтрымкі вырашыць няпроста. А Аляксандр Шчэрбін добра ведае, з чаго пачынаць і куды звяртацца ў дадзеным выпадку. Ён жа вядучы спецыяліст па сацыяльнай абароне і пенсійнаму забеспячэнню!

Потым часта сустракаўся я з падпалкоўнікам запасу Шчэрбіным на ўрачыстых мерапрыемствах у Рэчыцы і раёне, на занятках у раённым цэнтры дапрызыўнай падрыхтоўкі, з выпускнікамі школ па паступленні для далейшай вучобы ў навучальных ўстановах сілавых структур, напрыклад, у Ваенную акадэмію Рэспублікі Беларусь. І заўжды было бачна, што Аляксандр Іванавіч вельмі скрупулёзна адносіцца да даручанай справы, выконвае яе бездакорна, прафесійна і нават з нейкім асаблівым творчым падыходам у кожным асобна ўзятым выпадку. Гэта пры тым, што задач значна павялічылася, калі ў зону адказнасці і абслугоўвання ўвайшоў суседні Лоеўскі раён. Ваенны камісарыят Рэчыцкага і Лоеўскага раёнаў – тут усё зразумела.
Да таго ж падпалкоўнік запасу Аляксандр Шчэрбін з’яўляецца старшынёй Рэчыцкай раённай арганізацыі «Беларускі саюз афіцэраў». Ужо адзінаццаць год Аляксандр Іванавіч узначальвае гэтую структуру грамадскага аб’яднання афіцэраў і прапаршчыкаў. Што і казаць, клопатаў і тут хапае.
– Але мы ніколі не чулі, каб ён скардзіўся на цяжкасці, – сказаў мне падпалкоўнік у адстаўцы Васіль Марцаў. – Сам гарыць у розных справах і нас натхняе ствараць нешта добрае.
Сакрэт энергіі
Адкуль жа ў Аляксандра Шчэрбіна столькі энергіі, каб усюды паспяваць, паказваць асабісты прыклад у выкананні як службовых, так і грамадскіх абавязкаў? Хутчэй за ўсё яму ў поўнай меры ўласціва такая якасць – мэтанакіраванасць. Ён перакананы ў тым, што званне афіцэра абавязвае яго да гэтага. І да самаадданасці. Перш за ўсё гэтыя якасці датычацца выхавання ў падрастаючага пакалення пачуцця патрыятызму. Таму афіцэры – частыя госці ў школах, ліцэях, аграрным і педагагічным каледжах. Нават не госці, а жаданыя старэйшыя таварышы, узбагачаныя практычным і жыццёвым вопытам людзі.
На базе сярэдняй школы нумар 10 створаны і плённа дзейнічае цэнтр дапрызыўнай і медыцынскай падрыхтоўкі. Тут вучоба сапраўды кіпіць. Юнакі і дзяўчаты актыўна авалодваюць ведамі і практычнымі навыкамі, якія спатрэбяцца не толькі ў арміі, але і ў паўсядзённым жыцці. Напрыклад, чалавеку на вуліцы раптам стала дрэнна. Як яму хутка дапамагчы? Тут, у цэнтры, гэтаму якраз і навучаць.
Узначальвае цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі маёр запасу Генадзь Казлоў. Генадзь Іванавіч раней працаваў на прадпрыемстве. Аднойчы прыйшоў да яго Аляксандр Шчэрбін і сказаў прама: неабходна ўзначаліць цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі, бо ведаю, што ў цябе атрымаецца. Тут жа і дадаў, каб не запярэчыў, маўляў, ёсць такое слова: «Трэба». Работа сапраўды аказалася цікавай і даволі хутка наладзілася. Цяпер тут займаюцца вучні гарадскіх і некаторых сельскіх школ.
Адкуль жа ў падпалкоўніка запасу Шчэрбіна столькі імкнення, каб паспяваць у розных справах? Мабыць, усё ідзе ад загартоўкі, ад шматлікіх жыццёвых прыступкаў і абставін, якія прыходзілася пераадольваць неаднаразова.
Старонкі біяграфіі
Родам ён з Акцябрскага раёна, што на Гомельшчыне. Як кажуць, ад зямлі. Скончыў васьмігодку і паступіў на вучобу ў Чырвонабярэжскі саўгас-тэхнікум. Дамоў вярнуўся з дыпломам агранома-палявода. Узначаліў паляводчую брыгаду ў мясцовым калгасе імя Фрунзе. Малады ды ранні. Уставаў разам з сонцам і бег на працу. Можа, адтуль гэтае гарэнне на ўсё жыццё.
А потым тэрміновая служба ў арміі. Знакамітая вучэбка ў Пячах. Яшчэ калі ехалі цягніком, старшы прапаршчык Свяцэнка (запомніўся добра) паклаў вока на Шчэрбіна: моцна збіты, прываблівы з выгляду. Падазваў Аляксандра ў вагоне і сказаў як адрэзаў: «Месца табе ў інжынернай часці». Вядома ж, ваеннай інжынерыі трэба вучыцца настойліва. І вось ён ужо малодшы сяржант, камандзір пантоннага аддзялення ў пантонна-маставым палку, які тады месціўся ў горадзе Гродна. Трэніроўкі і трэніроўкі. А потым – рэальная практычная задача па навядзенні пантонна-маставой пераправы праз раку Нёман. Як вядома, рака з норавам, моцная плынь, бралася на зіму, холад пранізваў. Але справіліся. У даволі складаных умовах намнога перакрылі нарматыў. Начальнік інжынерных войскаў Чырвонасцяжнай Беларускай ваеннай акругі генерал-маёр Павел Гутэнка не хаваў захаплення і аб’явіў пантанёрам падзяку. Аляксандру дасталося яшчэ і чарговае званне – сяржант. І прапанова тут жа падаспела – паступаць у Камянец-Падольскае вышэйшае ваенна-інжынернае каманднае вучылішча імя маршала інжынерных войскаў В. К. Харчанкі. 1 жніўня 1983 года сяржант Шчэрбін пачаў тут вучобу. Пры гэтым быў прызначаны намеснікам камандзіра ўзвода. Праз некаторы час узвод прызналі лепшым у вучылішчы, у чым была немалая заслуга і Шчэрбіна, ужо старшага сяржанта. Напэўна, маючы такі аўтарытэт, лейтэнант меў па выпуску з вучылішча гарантаваную прывілею для размеркавання на далейшую службу. Ён яе не выкарыстаў – адправіўся служыць туды, дзе побач цяжкасці і рамантыка, дзе сапраўдныя выпрабаванні на зямлі і ў небе. Вядома ж, гэта паветрана-дэсантныя войскі. 104-я гвардзейская паветрана-дэсантная дывізія ў Кіравабадзе, 132-гі гвардзейскі асобны інжынерна-сапёрны батальён. Лейтэнант Шчэрбін – камандзір пантоннага ўзвода.
Гэта нават цяжка ўявіць, як справіцца маладому афіцэру, калі адразу ў падпарадкаванні аказаліся 33 салдаты і сяржанты тэрміновай службы і каля 100 адзінак тэхнікі, з якой звыш 30 адзінак баявыя, 16 вучэбных, а астатнія – НЗ (недатыкальны альбо непарушны запас). Ну і якія ж дэсантнікі без скачкоў з парашутам! Іх, скачкоў у нябесную бездань з поўнай выкладкай, на асабістым рахунку Аляксандра Шчэрбіна налічваецца 66. Неаднаразова быў выпускаючы з самалётаў Ан-2, Іл-76. А потым разгарэўся канфлікт у Нагорным Карабаху. Давялося дзейнічаць у складзе разведроты, выконваць асобыя заданні.
Службова-жыццёвыя падзеі быццам кадры кінахронікі. 1989 год. Узвод расфарміраваны. Аляксандр Шчэрбін прызначаны камандзірам інжынерна-дарожнага ўзвода. 1990 год. Перавод у Літву, у паветрана-дэсантную вучэбную дывізію. 1991 год. Дывізія скарачаецца. Як і ў многіх афіцэраў, перад Шчэрбіным паўстаюць пытанні: як быць, куды падацца, што рабіць далей? Зразумела, пытанні няпростыя, бо афіцэр у адказе за сям’ю: за жонку, сына. За іх у першую чаргу балела душа, трывожылася сэрца. Вядома ж, хвалявала і далейшая служба. Як складзецца яна, дзе, можа, увогуле прыйдзецца развітацца з арміяй?

На Рэчыцкай зямлі
Нарэшце вяртанне дамоў, у родную Беларусь. Ведаў: стукай – і табе адкрыюць. Прасіўся на прыём да кадравікоў, тэлефанаваў, зноў і зноў прыязджаў у Мінск. Нарэшце атрымаў накіраванне ў Рэчыцу, на базу захоўвання інжынерных боепрыпасаў. Пачынаў тут начальнікам аддзела, а завяршыў службу намеснікам начальніка базы па ідэалагічнай рабоце. 1 лютага 2008 года быў звольнены у запас, а 3 лютага стаў працаваць у ваенным камісарыяце. Тады ж і ўзначаліў Рэчыцкую раённую арганізацыю грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз афіцэраў». Так нязменна і з’яўляецца тут старшынёй. Члены арганізацыі актыўна ўдзельнічаюць у агітацыйнай рабоце сярод выпускнікоў агульнаадукацыйных школ, выступаюць перад навучэнцамі каледжаў, ліцэяў, наведваюць сем’і загінуўшых у Афганістане, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, праводзяць урокі мужнасці. Словам, няма ў горадзе і раёне таго мерапрыемства, дзе б афіцэры засталіся ўбаку. Гэта ў многім дзякуючы Шчэрбіну, які падтрымлівае цесную сувязь з прадстаўнікамі раённай улады, раённай ветэранскай арганізацыяй.
Падумалася мне: як многа пройдзена афіцэрам дарог, ды і зараз ён у штодзённых клопатах.
– Працаваць з людзьмі, для людзей – гэта проста здорава, – зазначае Аляксандр Іванавіч. – Вось у лясгасе высаджвалі маладыя дрэўцы, і мы тут таксама шчыравалі без перадыху. Заадно лепш зразумелі адзін аднаго, даведаліся, каго што хвалюе. Трэба ўсяляк спрыяць таму, каб людзі былі разам, каб лягчэй пераадольвалі жыццёвыя перашкоды. Асабліва, калі ў сталым узросце некаторыя застаюцца сам-насам са сваімі праблемамі.

У гэтым сэнсе Аляксандру Шчэрбіну добра пашанцавала. Усю няпростую службу з ім была ягоная жонка Ларыса. «Ларыса Уладзіміраўна», – з павагай удакладніў ён. Медсястра ў ваенным шпіталі, загадчыца медыцынскага пункта воінскай часці, а зараз яна працуе акушэркай у Рэчыцкім радзільным доме. Двое сыноў у сям’і Шчэрбіных. Старэйшы, Яраслаў, ужо стаматолаг, працуе ў Мінску, малодшы, Антон, скончыў гімназію і зараз вучыцца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце.
У пачатковыя класы Аляксандр і Ларыса хадзілі разам, потым шляхі разышліся. Але прыехаў курсантам на канікулы і прыкіпеў да дзяўчыны душой і сэрцам. Тады і пажаніліся, ды так і ідуць разам па жыцці ў працы і адпачынку.
Дарэчы, аднойчы восенню разам адпачывалі і члены раённай арганізацыі «Беларускі саюз афіцэраў». Проста вырашылі правесці спаборніцтвы па рыбнай лоўлі на Дняпры. Юшкі не атрымалася, бо спаймалі толькі адну рыбінку.
– Затое нагаварыліся ўволю, а прыродзе не нанеслі ніякай шкоды, – смяецца Аляксандр Іванавіч.
Быць сярод людзей, жыць іх клопатамі, бадай, гэта і ёсць галоўнае жыццёвае крэда падпалкоўніка запасу Аляксандра Шчэрбіна. Крэда, якому застаецца толькі пазайздросціць.