Общество > Персоналии

1043

Рэчыца і рэчычане. Ніна Вішняк-Лучанок. І будзем пець, і будзем жыць!

 +

Пры размовах з ветэранамі працы пасляваеннай загартоўкі, асабліва з пакалення дзяцей вайны, паняволі адчуваеш павагу ўласна да іх, іх поглядаў, працоўных прынцыпаў і жыццёва-сямейных каштоўнасцяў. Яркім, дастойным прадстаўніком гэтага ветэранскага пакалення лічыцца рэчычанка Ніна Сямёнаўна Вішняк-Лучанок.

 

Амаль чатыры дзясяткі гадоў адказна і плённа працавала яна ў галіне Рэчыцкай раённай аховы здароўя. І яшчэ важна тое, што з юнацтва і па сённяшні дзень, нягледзячы на сталы ўзрост, з’яўляецца актывісткай і спявачкай у раённай мастацкай самадзейнасці. Днямі ў Ніны Сямёнаўны была адметная жыццёвая веха – 80-годдзе з дня нараджэння. І вось у гаворцы з нагоды ўласнага юбілею яна падзялілася некаторымі значнымі старонкамі сваёй біяграфіі, расказала аб сваіх сябрах, калегах і аб тым, дзе яна чэрпае натхненне і жыццёва-творчыя сілы.

Рэчыца – лёс мой

– Вытокі і карані мае тут, у нашай Рэчыцы. Паходжу з тыпічнай рабочай сям’і, – пачала свой аповед Ніна Вішняк-Лучанок. – Нарадзілася я ў сцюдзёную марозную пару – у лютым 1942 года. Ішла вайна. Бацька Сямён Сцяпанавіч ваяваў на фронце. Аб тым, што адбывалася далей, нам неаднойчы расказвала бабуля па маці Ганюта.

Ахвяры фашысцкага генацыду

– Наш дом, што знаходзіўся ў Рэчыцы непадалёку ад цвіковага завода (цяпер метызны), захапілі немцы, а ўсю сям’ю – дзесяць чалавек – выгналі ў драўляную лазню, якая стаяла на ўскрайку нашага агарода. Там усе мясціліся, туліліся як мага, спалі на шырокіх лаўках, а таксама на бульбе і капусце, прыкрытых саломай. Вось у гэтай лазні на бурце бульбы і капусты з’явілася я на белы свет і была ўжо восьмай сярод маіх сястрычак і брацікаў, – працягвае размову Ніна Сямёнаўна.

Цяжкае і суровае ваеннае ліхалецце для сям’і Вішняк, як і для многіх іншых сем’яў, пакінула горкія чорныя адмеціны. Успаміны пра гэта і сёння жахлівыя. За сувязь з партызанамі карнікі расстралялі дзевяць іх блізкіх сваякоў, а таксама больш за дваццаць суседзяў-яўрэяў. Падарваўся на міне і загінуў 13-гадовы брат Ніны; ад хранічнага недаядання, прастудных і інфекцыйных захворванняў памерлі тры яе маленькія сястрычкі. Элементарную медыцынскую дапамогу аказваць было некаму, не было і лекаў. Проста ішоў натуральны адбор: выжывалі больш моцныя і ўстойлівыя.

– Наша маці Ганна Сцяпанаўна пры ўспамінах пра тыя цяжкія гады заўсёды гаварыла, што людзі тады былі згуртаванымі і дружнымі, падтрымлівалі адзін аднаго, – апавядае ветэран. – Нават у складаных жыццёвых і небяспечных сітуацыях яна ведала, што яе і дзяцей не пакінуць, не забудуць: дапамогуць суседзі, сябры, знаёмыя. Чужая бяда, чужы боль былі агульнымі. Людзі не жылі па ўласным норкам, не хаваліся… Інакш бы не выстаялі, не ўзрадзіліся…

Зачэрпваючы з глыбінь

Дзяцінства і юнацтва, школьныя гады і працоўная дзейнасць Ніны Вішняк звязаны з рэчыцкім краем.

– Нашага бацьку Сямёна Сцяпанавіча лёс бярог і ратаваў, – вядзе свой аповед ветэран. – За ўсю Вялікую Айчынную ён ні разу не быў паранены ці кантужаны. У 45-м вярнуўся да сям’і і пачаў працаваць на лесапіловачным заводзе. Там жа працавала і маці. Гадоў праз пяць нашу сям’ю чакала новае папаўненне: адзін за другім нарадзіліся яшчэ тры дзяўчынкі і хлопчык. Бацькам на іх сціплыя заробкі з цяжкасцю ўдавалася ўтрымліваць такі гурт дзяцей. Выручалі агарод, хатняя гаспадарка і ўмелыя працавітыя матчыны рукі. Старэйшыя браты і сёстры, падтрымліваючы адзін аднаго, пайшлі на свой хлеб і самі прабівалі сцяжыну ў жыццё.

А трохгадовую маляўку Ніну ўладзілі ў дзіцячы яслі-сад цвіковага завода. Там яна, задзірлівая непаседа, хутка навучылася прыгожа спяваць і танцаваць. Неяк бабуля Гануля, паслухаўшы яе пеўчы голас, прадказала: «Ты, унучка, усё жыццё праспяваеш».

У сярэдняй школе № 1 (цяпер Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі), куды прызначылі вучыцца Ніну Вішняк, яна вылучалася здольнасцямі і напорыстым рашучым характарам; была ў ліку лепшых у вучобе і сапраўдным актывістам-лідэрам. Школьныя мерапрыемствы рэдка калі абыходзіліся без яе ўдзелу. Яна – саліст і вядучая канцэртаў, ініцыятар і арганізатар розных конкурсаў і школьных вечарын. Яе выбіралі старшынёй піянерскай дружыны школы, пазней – сакратаром школьнай камсамольскай арганізацыі.

З верай у будучыню

І сёння Ніна Сямёнаўна ўспамінае: «Хаця ў пасляваенны час мы жылі сціпла і небагата, аднак у наш бацькоўскі дом у выхадныя і святочныя дні з’язджаліся радня, сябры, суседзі, і тады стыхійна збіралася дружная і вясёлая кампанія – каля 20 чалавек. У двары, на вуліцы каля дома наладжвалася сапраўднае святкаванне. Нашы маці, бацька, сёстры былі адораныя ад прыроды прыгожымі галасамі і вельмі любілі спяваць. А старэйшы брат Міхаіл па-заліхвацку іграў на гармоніку-тальянцы. Танцавальныя, рускія народныя, нашы беларускія песні, гарэзлівыя і задзірлівыя частушкі, прыпеўкі ў цудоўным сямейна-вакальным і сольным выкананні гучна разносіліся на ўсё наваколле, чаплялі душу і сэрца. У весялосці людзі забывалі пра сваё гора, праблемы і непаладкі, атрымлівалі зарад жыццёвых сіл. У такіх гулянках-святах заўсёды актыўна ўдзельнічаў мой родны дзядзька па бацьку Пятро Сцяпанавіч Вішняк. Быў ён сціплым рабочым чалавекам, але па сваёй натуры – вялікім рамантыкам. Захапляўся з дзяцінства прыродай і рыбнай лоўляй, а яшчэ вылучаўся як прыроджаны таленавіты паэт і празаік. Ён чулліва чытаў нам уласныя вершы і байкі, цікавыя дзіцячыя апавяданні. Дзядзька Пятро, будучы чалавекам тонкай паэтычна-рамантычнай душы, быў закаханы ў рэчыцкія краявіды, у неба, «вышитое ковром над родным Днепром». Ён стварыў вось такія сапраўды цудоўныя радкі: «Звёзды воду чистую не напьются – пьют…» А яго задушэўная песня «Речицкая лирическая», напісаная ў садружнасці з кампазітарам Мікалаем Коньшыным, стала ўсенародна папулярнай і звінела на ўсю Беларусь і нават Савецкі Саюз. Нярэдка чуецца яна і сёння».

Дарогай да мары

Ніна Вішняк і яе сёстры генетычна атрымалі ў спадчыну ад бацькоў душэўную рамантыку, захопленасць паэзіяй, музыкай і спевамі. Сёстры Любоў і Тамара былі салістамі Рэчыцкага народнага ансамбля песні і танца «Дняпро» і раённага хора ветэранаў вайны і працы. І Ніне, у той час школьніцы-выпускніцы, прадракалі артыстычную будучыню, але ў яе самой былі іншыя планы: марыла атрымаць сур’ёзную высакародную прафесію ўрача. Пры гэтым у школе яна амаль выходзіла на медаль.

Аднак лёс унёс свае карэктывы: на яе далейшую вучобу ў бацькоў не хапала сродкаў. І Ніна, каб падтрымаць сям’ю, сваіх малодшых брата і сястрычак, ідзе працаваць на метызны завод: спачатку вучаніцай, затым станочнікам-вінтарэзчыкам у шурупны цэх. Працуе тут з уласцівай ёй энергіяй. Становіцца ўдарнікам камуністычнай працы, выбіраецца камсоргам цэха, удзельнічае ў заводскай мастацкай самадзейнасці.

Імя маладога перадавіка-стаханаўца заносіцца на заводскую Дошку гонару. Тады атрымлівае яна першыя прэміі і граматы. Але нягледзячы на працоўныя поспехі і пашану, Ніна Вішняк ідзе да здзяйснення сваёй мары. У 1962 годзе з трохгадовым працоўным стажам і пуцёўкай-рэкамендацыяй гаркама камсамола паступае ў Пінскае медвучылішча. І, скончыўшы яго з чырвоным дыпломам, набывае прэстыжную прафесію – медыцынскі фельчар. Пасля размеркавання вяртаецца ў Рэчыцу, і яе накіроўваюць у Свірыдавіцкі сельсавет загадчыцай ФАПа.

Дапамога ў любы час

Працаваць жа маладому спецыялісту-медыку прыходзілася ў складаных умовах. На абслугоўванні медустановы было болей за дзве тысячы насельніцтва з васьмі навакольных вёсак і пасёлкаў. Усе гэтыя людзі спадзяваліся на кваліфікаваную меддапамогу і ў першую чаргу на свайго мясцовага доктара. А пад ФАП была выдзелена звычайная вясковая хата, непрыстасаваная да прыёму і лячэння хворых.

Ніна Вішняк-Лучанок  знайшла сябе ў медыцыне
Ніна Вішняк-Лучанок знайшла сябе ў медыцыне

– Уставала зацемна ранкам, – успамінае ветэран-медык, – транспарту ніякага. Да хворых дабірацца па выкліку з далёкіх вёсак было пяць і больш кіламетраў. І вось у любую пару года, у любое надвор’е, часам па глыбокім снезе адпраўлялася да хворых пешшу ці на запрэжаным у сані кані, якім кіравала сама. Вярнуся, а мне кажуць у ФАПе, што яшчэ прынялі некалькі выклікаў ад хворых на дом. Прысяду, паплачу ад стомленасці, а ісці трэба: там жа хворыя дзеці і старыя людзі чакаюць.

І ветэран тлумачыць мне, чаму ёй нельга было інакш працаваць:

– Ведаеце, у чым была сіла таго часу? Для нас кожны чалавек, кожнае жыццё былі вялікай каштоўнасцю. І людзі адклікаліся разуменнем, дабром і павагай.

За тры гады працы малады сельскі фельчар Ніна Вішняк нялічаную колькасць разоў аб’ездзіла на кані, веласіпедзе ўсе вёскі і пасёлкі свайго ўчастка, ведала ўсіх сваіх пацыентаў па імені і па бацьку. Да яе цягнуліся людзі, і аўтарытэт рос.

Уверх па службовай лесвіцы

У 1968 годзе ў Н. С. Вішняк было вялікае павышэнне па працы. Яе прызначаюць галоўнай медсястрой Рэчыцкай бальніцы. Тут раскрыліся не толькі яе высокі прафесіяналізм і стараннасць, але і добрыя арганізатарскія здольнасці, уменне працаваць з людзьмі. Да таго ж Ніна Сямёнаўна стала студэнткай-завочніцай блізкага да медыцыны хіміка-біялагічнага факультэта Гомельскага дзяржуніверсітэта. І як вынік – яе вылучаюць на іншыя кіруючыя пасады.

У 1979 годзе Н. С. Вішняк-Лучанок даручаюць складаны і напружаны ўчастак: кіраваць калектывам клініка-дыягнастычнай лабараторыі пры Рэчыцкім ТМА. Пасада высокая і адказная. У штаце больш за 60 чалавек: урачы-лабаранты, сярэдні медыцынскі і абслуговы персанал. Ад усіх патрабуюцца добрыя веды, высокая выканаўчая дысцыпліна, таму што ад вынікаў іх працы залежыць своечасовасць і правільнасць вызначэння дыягназу пацыентам. Акрамя таго, яна была адказнай за арганізацыю працы ўсіх лабараторый, якія знаходзіліся пры сельскіх участковых бальніцах раёна.

На працягу цэлых 23 гадоў, з якіх чатыры ўжо ў пенсійным узросце, Н. С. Вішняк-Лучанок паспяхова ўзначальвала калектыў клініка-дыягнастычнай лабараторыі. Кампетэнтная ў сваёй справе, яна заўсёды праяўляла прынцыповасць, аддавала сябе працы.

– Ніна Сямёнаўна была спецыялістам высокай кваліфікацыі, вялікай адказнасці, – дзеліцца ўспамінамі былы галоўны ўрач раённай бальніцы Уладзімір Лазарэвіч. – Гэта быў творчы і прагрэсіўны ўрач-кіраўнік. Дзякуючы ёй, укараняліся навейшыя методыкі лабараторна-дыягнастычнага абследавання і навейшыя віды айчыннага і замежнага медыцынскага абсталявання. Яна была патрабавальна-карэктная да людзей. А яшчэ вылучалася сваім вакальна-песенным майстэрствам на розных аглядах-конкурсах, канцэртах мастацкай самадзейнасці.

Сама ж Н. С. Вішняк-Лучанок, успамінаючы той час, сцвярджае, што яе надзейнай апорай у калектыве былі сапраўдныя прафесіяналы і надзейныя калегі, якім яна і сёння ўдзячная. Гэта ўрачы-лабаранты М. А. Філіпкова, В. А. Цуман, Е. Д. Стэцко, Е. В. Івашчанка, Т. В. Пачывалава, І. М. Краўчанка; з сярэдняга медперсаналу – Л. А. Грыб, Г. П. Краўчанка, Н. П. Лук’янюк, С. В. Піекалн і іншыя.

Ніна Сямёнаўна з удзячнасцю ўспамінае і тых высокапрафесійных урачоў, на прыкладзе якіх вучыліся яна і яе калектыў, на якіх раўняліся, з якімі было звязана шмат працоўных гадоў – М. Ф. Мітраховіч, І. І. Рогач, І. Я. Сівуха, Г. М. Ратнева, П. І. Ратнеў, В. Ф. Арцюхевіч, У. У. Лазарэвіч, В. М. Мінькова, В. У. Кулябка, С. П. Васільева, М. У. Варанкова, В. Ф. Грабянчук, М. І. Локцік, Г. А. Родзіч, В. Б. Адашкін, Р. М. Янковіч. Сваім высокім прафесіяналізмам і адказнасцю яны мацавалі рэйтынгавыя пазіцыі Рэчыцкай раённай аховы здароўя.

Шматгадовая плённая праца, высокі прафесіяналізм Н. С. Вішняк-Лучанок, яе актыўны ўдзел у грамадскім жыцці адзначаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, медалём «За працоўныя заслугі», ганаровым знакам «Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь» і іншымі дастойнымі ўзнагародамі.

Верная свайму крэда

Сёння Н. С. Вішняк-Лучанок жыве ў невялікім, але ўтульным бацькоўскім доме, непадалёк ад Дняпра. Яна працавітая, умелая і прыветная гаспадыня, а яшчэ аматар-кветкавод. Яе акуратны агарод, кветкавыя кампазіцыі выклікаюць любаванне нярэдкіх гасцей і прахожых.

Але, як і раней, Ніна Сямёнаўна застаецца публічным грамадска-актыўным чалавекам: удзельнічае ў раённым хоры ветэранаў, з’яўляецца вядучай сяброўскіх і неафіцыйных сустрэч і ўрачыстасцяў.

І цяперашняя яе вечарына-віншаванне з 80-годдзем прайшла ў Гарадскім палацы культуры ў асяроддзі ўдзельнікаў раённага хору ветэранаў, людзей, блізкіх па духу, працоўнай дзейнасці і грамадскіх справах.

Юбіляр Ніна Сямёнаўна Вішняк-Лучанок (першы рад – трэцяя злева)  сярод калег і сяброў. Здымак на памяць
Юбіляр Ніна Сямёнаўна Вішняк-Лучанок (першы рад – трэцяя злева) сярод калег і сяброў. Здымак на памяць

Замест пасляслоўя

Пра што марыць сёння юбіляр? Каб рэчычане, ветэраны хору, іх дзеці, унукі былі здаровыя! Каб неба над галавой было мірнае! Яшчэ – каб рэчыцкаму Палацу культуры і раённаму хору ветэранаў пашанцавала атрымаць прасторны мікрааўтобус чалавек на 12 для выездаў да працаўнікоў палёў і ферм, каб радаваць вясковых жыхароў спевамі, вершамі, дарыць ім зарад бадзёрасці і цудоўны настрой.

– Сыдзе ж на сухі лес гэта трасца-пандэмія, заціхне, уціхамірыцца цяперашняя ваенная ліхаманка, і будзем мы выступаць, – дзеліцца самым запаветным Ніна Сямёнаўна. – Як у той песні, «і пець будзем, і жыць будзем!»

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity