Юбіляры Рэчыцкага раёна. Лідзія Скакун. Вясковая гераіня працы
Источник: Dneprovec.by Фото: прадастаўлена аўтарам і Гомельская праўды
У гэтыя дні вядомы ветэран сельскай гаспадаркі нашага раёна, ардэнаносец, жыхарка вёскі Першамайск Караваціцкага сельскага Савета Лідзія Кузьмінічна Скакун адзначае свой вялікі, па-чалавечы зайздросны юбілей – 95 гадоў, і ёй адрасуюць шматлікія прыемныя віншаванні, добрыя пажаданні і выказваюць словы падзякі.

У маленстве Лідзія Кузьмінічна спазнала жудасць Вялікай Айчыннай вайны, потым – цяжкую пасляваенную разруху.
З юнацтва і аж да 85-гадовага ўзросту – увогуле 68 гадоў – шчыравала яна калгасніцай у мясцовай гаспадарцы «Абарона краіны». Прычым была заўсёды ў авангардзе калектыву або, як тады называлі, перадавікоў – ударнікам-стаханаўкай і грамадскай актывісткай. Яе імя занесена ў абласную Кнігу працоўнай славы Гомельшчыны.
Некалькі дзясяткаў гадоў назад наша газета апавядала аб гэтай калгаснай працаўніцы, але сёння ў такую адметную слаўную жыццёвую дату вырашана больш падрабязна расказаць пра гэтую цудоўную, працавітую, жыццелюбівую жанчыну, якая здзейсніла сапраўдны працоўны подзвіг.
Родам з вогненнай вёскі
Лёс Лідзіі Скакун (у дзявоцтве Голуб) няпросты. Вайна, смерць родных і блізкіх, сіроцкія гады і шчырая на працягу ўсяго жыцця сумленная праца ў родным калгасе.
Нарадзілася і вырасла Ліда ў красавіку 1927 года ў вёсцы Кабылеў, якую пазней, у пасляваенны час перайменавалі ў Першамайск. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Лідзе было 14 гадоў, яна скончыла шэсць класаў. Бацька пайшоў на фронт. Маці засталася адна з чатырма дзецьмі. Раніцай 14 мая 1943 года нямецкія карнікі акружылі вёску і ўчынілі над яе жыхарамі дзікую крывавую расправу.
Не шкадавалі нікога: ні старых, ні жанчын з маленькімі дзецьмі. Забілі і спалілі каля 1200 чалавек, больш 600 з іх – дзеці. Вялікая вёска, у якой да вайны было 280 двароў і амаль паўтары тысячы жыхароў, за адзін дзень пераўтварылася ў руіны і папялішчы, пакрылася магіламі…
Фашысты спалілі жывымі маці і двух братоў Ліды. Яна і малодшая сястра Ніна цудам засталіся жывымі.
Некаторы час жылі сёстры ў суседняй вёсцы Маканавічы ў роднага дзядзькі Рыгора. У 1944-м вярнулася Ліда ў свой Кабылеў. Пабудавала зямлянку і стала жыць. А Ніну забралі ў дзіцячы прытулак.
Скончылася вайна, прыйшлі з фронту мужчыны, вярнуўся і Лідзін бацька, паранены. Сталі ў вёсцы будаваць хаты: Першамайск паступова адраджаўся.
У 1959 годзе тут жыло ўжо больш за 600 чалавек. Зараз жа гэтая вёска, вядомая яшчэ з 18-га стагоддзя, паступова вымірае. Засталося ў ёй усяго каля 40 чалавек і самая старэйшая з іх – Лідзія Скакун.
Гаспадыня палёў і фермы
– Не было ў мяне ні дзяцінства, ні маладосці, – апавядае Лідзія Кузьмінічна. – Вайна праклятая ўсё адабрала. Пайшла працаваць у свой калгас «Абарона краіны» яшчэ ў 1944-м, не было мне і 17 гадоў. Цяжка прыйшлося. Арала, плуг і барану цягала, сеяла і касіла… Усё рабіла, бо дужая, дзябёлая была, рослая… У 19 гадоў выйшла замуж. Жылі ў маленькай хатцы ўсе разам: дзед з бабай, свёкар са свякрухай, я з мужам і двума дзецьмі. Хату сваю пабудавалі толькі ў 1956-м.
Да 1965 года працавала Л. К. Скакун у калгасе «Абарона краіны» паляводам. Хлеб, бульбу, лён расціла, а потым пайшла на малочна-таварную ферму.
– Успомніце, колькі старшынь калгаса змянілася за гэты доўгі час? – пытаюся я.
– Напэўна, чалавек 15, – усміхаецца жанчына. – А болей з усіх іх – каля 20 гадоў – і сёння з творчым падыходам узначальвае калгас Аляксандр Віктаравіч Мікалуцкі, добразычлівы, вельмі чалавечны і таленавіты кіраўнік. З павагай і зычліва адносіцца да ветэранаў працы. Жадаю яму, нягледзячы на складаны час, поспехаў і плёну ў працы, сілы і моцу жыццёвага духу.
– Мы па малаку заўсёды перадавыя былі. Ферма прызнавалася адной з лепшых у раёне і вобласці. Больш за 700 кароў было. Малако ракой цякло, – з гонарам успамінае Лідзія Кузьмінічна. – У Маскву на ВДНГ мяне і лепшых перадавікоў нашай фермы некалькі разоў пасылалі, медалі, прэміі, падарункі розныя давалі.
Да 85 гадоў працавала брыгадзірам фермы. А потым падумала: дакуль жа можна? Трэба маладым дарогу даць. Чаму працавала да такога ўзросту? Звычка ў мяне такая. А што – сесці і на лаўцы сядзець? Не ўмела і нават цяпер не ўмею жыць без працы. Тым больш праца жыццё працягвае. Па сабе адчуваю, – кажа самая Лідзія Скакун.
У 1985 годзе за высокія паказчыкі ў абласным спаборніцтве сярод жывёлаводаў Л. К. Скакун атрымала званне «Лепшы брыгадзір малочна-таварнай фермы Гомельскай вобласці».
Нялёгка на зямлі працаваць, асабліва ў жывёлагадоўлі.
– Уставала з самага ранку, у 5 гадзін, а дадому вярталася, калі ўжо цёмна было. Мала спала, – прызнаецца ветэран. – Даводзілася гадзіну-другую ў час абеду там жа, на ферме, дасыпаць.
І ўсё ж такі, нягледзячы на процьму спраў і клопатаў, Лідзія Скакун скончыла завочна Рэчыцкі зааветэрынарны тэхнікум – заатэхнічнае аддзяленне.
– Калі пайсці вучыцца ўгаварылі, мне каля 40 гадоў было. Дачка Ганна ўжо замуж пайшла, – успамінае жанчына.
А на сваёй Першамайскай ферме Лідзіі Скакун прыходзілася працаваць і за заатэхніка, і за ветурача, і за загадчыцу, і за фуражыра. З усім спраўлялася,
таму што працаваць любіла. Сапраўднай, шчырай гаспадыняй на ферме была. Каб дысцыпліну трымаць у калектыве, у якім было шмат радні, сама прыклад ва ўсім паказвала. Таму яе цанілі і паважалі.
– Поплеч са мной былі ўсё жыццё добрыя, шчырыя людзі, – гаворыць ветэран і просіць праз газету ўспомніць, напісаць пра яе аднавяскоўцаў, тых простых працавітых жывёлаводаў, якія з ёй разам доўгія гады працавалі на Першамайскай ферме, былі яе апорай ва ўсім.
І яна ўспамінае і пералічвае іх імёны: даяркі – Кацярына Паўлаўна Скакун, Ксенія Сцяпанаўна Сопат, Клаўдзія Паўлаўна Скакун, Тамара Рыгораўна Скакун, Надзея Мікалаеўна Піцюк, даглядчыкі жывёлы – Андрэй Аляксандравіч Скакун, Лідзія Уладзіміраўна Гайдаш. З імі праца спорылася і працоўная слава калектыву фермы расла. Шкада, што большасці з іх ужо няма.
– Мне вельмі пашанцавала шмат гадоў працаваць з такімі кваліфікаванымі і працалюбівымі спецыялістамі, як галоўны ветурач Р. Г. Смольскі, галоўны заатэхнік В. М. Пырх, – кажа ветэран. – Зараз, вядома, працаваць у жывёлагадоўлі лягчэй. Тэхніка ўсюды дапамагае. Раздатчыкі ёсць, а раней кармы на вазах канямі развозілі, секачамі сена, салому ўручную секлі…

Любоў да сельскай працы, напэўна, у нашай гераіні ў крыві. Бацька яе Кузьма Лаўрэнавіч Голуб доўгі час да вайны і пасля яе быў старшынёй мясцовага калгаса «XI Кастрычнік». У тым жа Кабылеве-Першамайску. Маці Хіма Якімаўна да вайны таксама ў калгасе працавала паляводам. «Яна, як і я, ударніцай, актывісткай была. У суседнія Хойнікі на злёт перадавікоў пешкі хадзіла. Дынастыя ў нас такая: земляробская, да працы прагная», – успамінае Лідзія Скакун.
Лідзія Кузьмінічна так хацела працаваць, што нават пенсію не адразу аформіла.
– Баялася, што калі пенсію атрымаю, мяне з работы выганяць. А што тады я рабіць буду? На адну калгасную пенсію жыць няпроста. Так і працавала амаль год без пенсіі, – смяецца жанчына. – Пакуль тагачасны старшыня Караваціцкага сельсавета Аляксандр Канякін не прыехаў і розуму не навучыў.
– Цяжкае ў мяне жыццё было, але я задаволена, – не скардзіцца на свой лёс Лідзія Скакун. – Задаволена, што ўвесь час у гаспадарцы з шчырымі людзьмі працавала. Актывісткай была, камсамолкай.Толькі вось у партыю не папала. Выходзіць, беспартыйнай камуністкай была.
Лідзія Скакун неаднаразова абіралася дэпутатам раённага і сельскага Саветаў, была членам праўлення і прафкама калгаса «Абарона краіны», у таварыскім судзе засядала. Узнагароджана ордэнам «Знак Пашаны», медалём «За працоўныя заслугі», двума залатымі і сярэбраным медалямі Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўкі. Была занесена на раённую Дошку гонару, у абласную Кнігу працоўнай славы Гомельшчыны. А колькі ў яе грамат! У тым ліку Вярхоўнага Савета БССР, Рэчыцкага райвыканкама. Зараз наша вясковая гераіня – ганаровы ветэран КСУП «Абарона краіны».
Вырасціла з мужам Васілём Нічыпаравічам двух дзяцей. Дачка Ганна ў Рэчыцы медыкам працавала, ужо на пенсіі, а сын Валодзя ў роднай вёсцы трактарыстам усё жыццё адпрацаваў, ардэнаносцам стаў.
У Лідзіі Кузьмінічны шасцёра ўнукаў, дзесяць праўнукаў і ўжо сем прапраўнукаў. Паводле слоў нашай гераіні, усе яны цяпер яе радасць, у іх працягваецца гісторыя сям’і. Любіць усіх яна пароўну, але асабліва ганарыцца ўнукам Валодзем Клімовічам. Ён нясе службу ў МНС, падпалкоўнік. У 2019 годзе Уладзімір Клімовіч асабіста з рук Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь атрымаў медаль «За выратаванае жыццё».
– Да 85 гадоў працавала брыгадзірам фермы. А потым падумала: дакуль жа можна? Трэба маладым дарогу даць. Чаму працавала да такога ўзросту? Звычка ў мяне такая. А што – сесці і на лаўцы сядзець? Не ўмела і нават цяпер не ўмею жыць без працы. Тым больш праца жыццё працягвае. Па сабе адчуваю, – кажа самая старэйшая жыхарка Першамайска Лідзія Скакун.
І сёння яна, як заўжды абаяльная, гаваркая, гэтая вясковая жанчына выпраменьвае столькі любві да жыцця, столькі гумару, што міжволі зараджае імі і тых, хто побач.
Вялікі дзякуй Вам, Лідзія Кузьмінічна, за працу, за ўсё добрае, што створана Вамі за доўгае плённае жыццё! З юбілеем!
Зычым Вам яшчэ шмат вёсен і зім, здароўя і дабрабыту!
Искренне поздравляем нашего почётного ветерана-орденоносца Лидию Кузьминичну Скакун со славным юбилеем – 95-летием со дня рождения!
Вы, Лидия Кузьминична, настоящий герой труда! С юности и долгих 68 лет добросовестно и плодотворно трудились полеводом и в животноводстве нашего хозяйства. Несмотря на трудности, всегда были впереди в труде и общественной жизни, заслуженно Ваше имя – в Книге трудовой Славы нашего района и Гомельщины.
Вы и сегодня – наша гордость, жизненный пример и ориентир для тружеников хозяйства.
Здоровья Вам, бодрости духа и радости жизни!
С большой благодарностью
от имени коллектива КСУП «Оборона страны»,
директор А. В. Микалуцкий
и председатель профкома М. П. Михалко