Общество > Персоналии

2456

Людзі зямлі Рэчыцкай. «На жаўруковай ноце…» Да юбілею Нэлі Тулупавай

 +

У гэтым годзе споўнілася б 85 год вядомай беларускай паэтцы, пісьменніцы і перакладчыцы Нэлі Тулупавай.

Яркая, таленавітая, надзвычай прыгожая жанчына з неверагодна добрым сэрцам – такой яе запомнілі людзі, якім пашчасціла быць з ёй знаёмымі.

Нэлі Іванаўна Тулупава нарадзілася 1 лютага 1938 года ў адной з маляўнічых вёсак Рэчыцкага раёна – у Капані, да якой паэтка заўсёды ставілася з пяшчотным замілаваннем. «Я – з Капані, я – з Беларусі», – так яна заўсёды казала.

Час дзяцінства Нелі Тулупавай прыйшоўся на страшныя гады вайны. Вайна чырвонай ніткай прасякае творчасць паэткі, трывожнай нотай гучаць знакамітыя вершы Нэлі Іванаўны «Невядомы салдат», «17 лістапада 1943 года», «Спаленыя вёскі», «Пралескі сорак пятага», «Салдацкая зорка», «Салаўі Хатыні» і іншыя. Дарэчы, апошні верш вядомы беларускі кампазітар Ігар Лучанок паклаў на музыку, і ён стаў песняй, якую ведалі ва ўсім Савецкім Саюзе, і нават цяпер яна не страціла сваёй вастрыні.

 

Пасля вайны і заканчэння школы перад юнай Анэляй паўстала пытанне: кім быць? Сама Анэля марыла быць падобнай да бацькі, а той працаваў селькорам у газеце, быў вядомым фалькларыстам, працаваў настаўнікам і пісаў вершы. Менавіта ўменне валодаць словам, ствараць паэтычную тканіну быцця – гэта было тое, што найбольш прываблівала дзяўчыну. Але якраз бацька і не дазволіў дачцэ «пайсці ў паэты», а ўгаварыў яе абраць «зямную» прафесію. Так Анэля стала навучэнкай Гомельскага медвучылішча. Потым жыццё закінула яе на далёкую Віцебшчыну, дзе яна працавала фельчаркай і акушэркай. Але сваёй мары стаць паэтам не кідала і спрабавала пісаць. Хутка пачалі друкавацца яе першыя творы: байкі, гумарэскі, апавяданні. Яе заўважылі і запрасілі працаваць на Віцебскае тэлебачанне. Затым, скончыўшы журналісцкі факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Нэлі стала рэдактарам студэнцкай газеты ў Горках. Потым у Мінску кіравала рэпертуарным аддзелам Белдзяржфілармоніі, працавала старшым рэдактарам выдавецтва «Мастацкая літаратура». І адначасова з усім гэтым яна знаходзіць час і сілы здейсніць сваю мару: пісаць вершы. Менавіта праз вершы Нэлі Тулупава і стала яскравай фігурай на літаратурным Парнасе Беларусі. Пачынаючы з 70-х гадоў, выходзяць у свет яе паэтычныя зборнікі: «Станцыя надзей», «Сонца ў хату», «Дабрадзея», «Скажыце ўсім», «Я чакаю цябе», «Босая цішыня» і іншыя.

Паэтка спрабуе і больш складаны жанр – паэму. Яна піша такія паэмы, як «Марэна», «Дабрадзея», «Я – береза: поэма огня», драматычную паэму ў прозе «Рэха ў калысцы», «Быццам страла, быстрая ластаўка», прысвечаную беларускай паэтцы Алаізе Пашкевіч (Цётцы). Але найбольшай вядомасцю карыстаецца яе паэма-бая «Гарывада», якая стала знакавай з’явай у беларускай літаратуры. У цэнтры паэмы-баі дзяўчына Гарывада, якая ахвяруе сабою, сваім жыццём дзеля таго, каб над усімі людзьмі свяціла сонца, дабрыня і любоў. У падзеі, што адбываюцца ў невядомым сусвеце Прадоння, паэтка магічным чынам уплятае наш свет: свае ўспаміны дзіцячых гадоў, апаленых вайной, і памяць аб самым дарагім для паэткі чалавеку – бабулі Данілісе. І менавіта ў яе вусны Нэля Тулупава ўкладае словы: «Скажыце ўсім: «Я люблю вас, людзі!». Гэтыя словы можна лічыць асабістым дэвізам паэткі і ў творчасці, і ў жыцці. Многія людзі, якія пакінулі свае ўспаміны аб Нэлі Іванаўне, адзначалі яе шчырую дабрыню і спагадлівасць да людзей. Тэма дабрыні, уважлівых адносінаў да ўсяго свету наскрозь пранізвае творчасць Нэлі Тулупавай. Гэта яе своеасаблівая паэтычная «візітная картка». І сапраўды, прыгадайце яе пранікнёны верш-трыпціх «Дабрата» ці песню «Добрым быть совсем не просто», на якой вырасла не адно пакаленне дзяцей.

Напрыканцы жыцця Нэлю Тулупаву пачалі даймаць няшчасці: трагічна загінулі бацькі, потым памёр муж, цяжка захварэла дачка… Гэта прымусіла Нэлю Іванаўну шукаць адказы на вялікія і цяжкія жыццёвыя пытанні. Яна павярнулася да Бога, праваслаўнай веры, да царквы і нават прыняла пострыг. Таксама змянілася і яе творчасць. Яна стала больш удумлівай, філасофскай. І яе «візітная картка» – дабрыня ў чалавечых узаемаадносінах – яшчэ больш узмацнілася і загучала больш пераканаўча, ужо з пазіцыі жыццёвага вопыту і жыццёвых нястач. Але разам з тым паэзія Нэлі Тулупавай у гэты час стала больш высветленай, больш яснай і чыстай. Гэта можна ўбачыць па апошнім вершам, якія сабралі і выдалі зборнікам «Вочы ў вочы» нашчадкі паэткі ўжо пасля яе смерці.

Вочы ў вочы: у душу глядзяць.

Неспадзеўку ён завітае.

I паклікае нас Суддзя.

Ціха-ціха ён запытае:

«Як ты жыў? Чым даражыў?

Не збаяўся вятроў над кручай?»

Нам не дадзена двойчы жыць.

Але дадзена нам неўміручасць.

Дарэчы, з’яўленню гэтага зборніка ў нашай бібліятэцы мы абавязаны Горацкай бібліятэцы імя Д. Р. Новікава УА БДСГА, што на Магілёўшчыне. Горацкія калегі адгукнуліся на нашу просьбу атрымаць апошнюю кнігу Нэлі Тулупавай і выслалі яе нам у падарунак. З Горкамі Нэлю Іванаўну звязвалі больш за дзесяць гадоў жыцця. Менавіта ў Горках была напісана першая кніга паэткі «Станцыя надзей». Мы вельмі ўдзячныя нашым калегам, і нам вельмі прыемна, што памяць аб нашай зямлячцы жыве далёка па-за межамі Рэчыцкага края.

 

З нагоды юбілею нашай зямлячкі ў Рэчыцкай цэнтральнай раённай бібліятэцы падчас чарговай сустрэчы ўдзельнікаў клуба творчых сустрэч «Стержень» адбылася краязнаўчая старонка «На жаўруковай ноце: Нэлі Тулупава». З вялікай зацікаўленасцю прысутныя прагледзелі відэаролік «Я люблю вас, людзі!» і пазнаёміліся з бібліяграфічным паказальнікам «На жаўруковай ноце: Нэлі Тулупава», у якім сістэматызаваны ўсе друкаваныя выданні твораў, таксама матэрыялы аб жыцці і творчасці паэткі. Яскравым, пазнавальным фрагментам краязнаўчай старонкі стаў паэтычны эцюд па кнігах Нэлі Тулупавай «Ёсць час, калі мяняецца душа…». Гэты эцюд даў магчымасць нашым гасцям прыгадаць вядомыя творы паэткі, акунуцца ў светлы, празрысты, прамянеючы дабрынёй і пяшчотай, неверагодна прыгожы сусвет паэзіі нашай зямлячкі.

Нэлі Іванаўна Тулупава пакінула гэты свет у 2001 годзе, але слова яе, песні жывуць на роднай зямлі, жывуць сярод нас. Яе паэтычная спадчына – гэта запавет усім нам, яе нашчадкам, далучыцца да якога цэнтральная раённая бібліятэка прапануе жыхарам і гасцям нашага горада і раёна.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity